Лікі 17 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

«Прамоў да сыноў Ізраіля і вазьмі ад іх па кію, кій паводле дому бацькоў іхніх, ад усіх князёў паводле дому бацькоў іхніх, дванаццаць кіёў. Імя кожнага напішы на кіі ягоным.
 
«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.

А на кіі Левія напішы імя Аарона, бо [павінна быць] па адным кіі на князя дому бацькоў сваіх.
 
А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.

І палажы іх у Намёце Спатканьня перад [Каўчэгам] Сьведчаньня, дзе Я сустракаюся з табою.
 
І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.

І станецца, што каго з іх Я абяру, таго кій заквітнее, і Я спыню [нараканьні] сыноў Ізраіля супраць Мяне, якімі яны наракаюць вам».
 
Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».

І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і далі яму ўсе князі кіі ад князя дому бацькоў сваіх, адзін кій ад князя, дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
 
І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.

Гэтыя кіі палажыў Майсей перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня.
 
Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,

І сталася назаўтра, і ўвайшоў Майсей у Намёт Спатканьня, і вось, заквітнеў кій Аарона з дому Левія, і выпусьціў пупышкі, закрасаваў і вырасьлі сьпелыя мігдалы.
 
на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.

І вынес Майсей ад аблічча ГОСПАДА ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраіля, і яны ўбачылі, і кожны ўзяў кій свой.
 
Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Кій Аарона палажы назад перад [Каўчэгам] Сьведчаньня, каб захаваўся як знак супраць сыноў бунту і каб спыніліся нараканьні супраць Мяне, і яны не памруць».
 
І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».

І зрабіў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў.
 
І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.

І сказалі сыны Ізраіля Майсею, кажучы: «Вось, мы гінем, паміраем, усе паміраем!
 
І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!

Усе, хто набліжаюцца да Сялібы ГОСПАДА, паміраюць. Ці ж мы, паміраючы, будзем вынішчаны?»
 
Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»