Лікі 22 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.
 
Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся лагерам на раўнінах Мааба, на другім баку Ярдана, насупраць Ерыхона.

І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.
 
А Балак, сын Сэфора, бачачы ўсё, што зрабіў Ізраэль амарэям,

І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.
 
дужа напужаў маабскі народ, бо быў ён шматлікі. І, паколькі баяўся Мааб сыноў Ізраэля,

І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.
 
сказаў старэйшынам мадыянцаў: «Цяпер гэтае мноства з’есць усё вакол, як вол звычайна есць траву на полі». Тады царом Мааба быў Балак, сын Сэфора.

І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.
 
І паслаў ён пасланцоў да Балаама, сына Бэора, у Пэтор, што над ракой у зямлі маабцаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Егіпта і пакрыў паверхню зямлі, пасяліўшыся насупраць мяне.

І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
 
Дык прыйдзі і пракляні народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне; о, каб якім чынам я здолеў перамагчы яго і выгнаць з маёй зямлі. Бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраславёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і [плата] за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.
 
Вось, выбраліся старэйшыны маабцаў са старэйшынамі мадыянцаў у дарогу, трымаючы ў руках падарункі для вешчуна. І, калі прыбылі да Балаама і перадалі яму ўсе словы Балака,

І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.
 
ён ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам, што скажа мне Госпад». Калі засталіся старэйшыны маабцаў у Балаама,

І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»
 
прыйшоў Бог і сказаў яму: «Што гэта за людзі ў цябе?»

І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне
 
Ён адказаў: «Балак, сын Сэфора, цар маабцаў, даслаў да мяне іх,

[сказаць]: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».
 
каб сказаць: “Вось народ, які выйшаў з Егіпта, пакрыў паверхню зямлі; прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я якім-небудзь чынам з ім ваяваць і выгнаць яго”».

І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».
 
На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны».

І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».
 
І раніцай устаў ён, і сказаў князям Балака: «Вяртайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісці з вамі».

І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».
 
Усталі тады князі Мааба, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Балаам не пажадаў ісці з намі».

І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.
 
Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым раней.

І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.
 
Як толькі прыбылі яны да Балаама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Сэфора: “Не адмаўляйся прыйсці да мяне;

Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
 
я гатовы табе выказаць вялікую пашану і, што пажадаеш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».

І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі [нават] дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.
 
Балаам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не змог бы я пераступіць слова Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.

А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».
 
Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».

І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».
 
І прыйшоў Бог да Балаама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».

І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.
 
І ўстаў Балаам раніцай і, асядлаўшы сваю асліцу, рушыў разам з імі.

І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.
 
І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў; і паўстаў Анёл Госпадаў на дарозе супраць Балаама, каб затрымаць яго; ён жа меў двух паслугачоў і ехаў на сваёй асліцы.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.
 
Калі асліца заўважыла Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй, сышла з дарогі і пайшла ў поле. Калі Балаам ударыў яе і захацеў павярнуць яе на дарогу,

І стаў анёл ГОСПАДА на сьцежцы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.
 
Анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж двума мурамі, якімі былі абкружаны вінаграднікі.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і прыціснулася да муру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.
 
Калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, яна прыціснулася да мура і зашчаміла нагу седака. Ён жа пачаў яе біць ізноў;

І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.
 
і Анёл Госпадаў перайшоў у месца цеснае, дзе ані справа, ані злева ніяк не можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.
 
І калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, што стаяў, лягла яна пад ногі седака; ён, узлаваны, яшчэ мацней біў бакі яе палкаю.

І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»
 
Тады адкрыў Госпад вусны асліцы, і яна сказала Балааму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне вось ужо трэці раз?»

І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»
 
Балаам адказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»

І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».
 
Асліца сказала: «Ці ж я не твая асліца, на якой ездзіш ад пачатку да сённяшняга дня? Скажы: ці рабіла я табе калі-небудзь штосьці падобнае?» А ён кажа: «Ніколі».

І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.
 
Раптам адкрыў Госпад вочы Балаама, і ён угледзеў Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй; і пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.

І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога [твая] перад табою.
 
Сказаў яму Анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асліцу сваю? Я прыбыў, каб заступіць табе дарогу, бо нядобрая твая дарога і мне варожая.

І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».
 
І, бачачы мяне, асліца тры разы ўхілялася ад мяне; і каб не ўхілялася, забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывою».

І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».
 
Балаам сказаў: «Зграшыў я, бо не ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».

І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.
 
Анёл Госпадаў сказаў: «Ідзі з тымі людзьмі, але сцеражыся, каб не гаварыць нічога іншага, акрамя таго, што Я табе загадаю». І пайшоў Балаам з князямі Балака.

І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.
 
Калі пачуў Балак, што Балаам ідзе, выйшаў яму насустрач у Ар-Маабе, што знаходзіўся на самай мяжы Арнона;

І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
 
і ён сказаў Балааму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікаць цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».
 
Балаам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе; ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог уклаў?»

І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
 
Дык пайшлі Балак разам з Балаамам і прыбылі ў Карыят-Хусот.

І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.
 
І, калі Балак пазабіваў валоў і авечак, паслаў ён іх Балааму і князям, што з ім былі.

І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу [Ізраіля].
 
А з надыходам раніцы Балак завёў Балаама на вышыні Баала, і ўбачыў ён частку ізраэльскага народа.