Лікі 22 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.
 
І крануліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам на раўніне Моава, на гэтым баку Ёрдану, супроці Ерыхону.

І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.
 
І бачыў Валак Сэпоронак усе, што зрабіў Ізраель Аморэю;

І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.
 
І вельмі баяўся Моаў віду люду гэтага, бо ён быў чысьлены, і быў зьнемарашчаны з прычыны сыноў Ізраелявых.

І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.
 
І сказаў Моаў старцом Мідзянскім: «Гэтая грамада аб’ядае цяпер усе наўкола нас, як вол аб’ядае траву палявую». А Валак Сэпоронак быў каралём Моаўскім у тым часе.

І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.
 
І паслаў ён паслоў да Валаама Веоронка да Пефору, каторы ля ракі, у зямлі сыноў народу ягонага, пазваць яго, кажучы: «Вось, люд вышаў зь Ягіпту, вось, пакрывае відзеньне зямлі, і жывець ён супроці мяне.

І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
 
Дык цяпер прыйдзі ж, пракліні імне люд гэты, бо ён дужшы за мяне: можа я тады буду магчы паразіць яго й выгнаць яго ізь зямлі. Я ведаю, што каго ты дабраславіш, тый дабраславёны, і што каго ты праклінеш, тый пракляты».

І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і [плата] за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.
 
І пайшлі старцы моаўскія й старцы мідзянскія, і падаркі за чары ў руках, і прышлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валаковы.

І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.
 
І сказаў ён ім: «Пераначуйце тут гэту ноч, і зьвярну вам слова, якое скажа імне СПАДАР». І прабывалі старцы моаўскія ў Валаама.

І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»
 
І прышоў Бог да Валаама, і сказаў: «Хто гэта людзі ў цябе?»

І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне
 
І сказаў Валаам Богу: «Валак Сэпоронак, кароль Моаўскі, прыслаў іх да мяне, кажучы:

[сказаць]: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».
 
"Вось, люд вышаў зь Ягіпту й пакрыў відзеньне зямлі; дык ідзі, пракліні імне яго: можа я тады змагу ваяваць ізь ім і выгнаць яго"».

І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».
 
І сказаў Бог Валааму: «Не хадзі зь імі, ня кліні люду, бо ён дабраславёны».

І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».
 
І ўстаў Валаам нараніцы, і сказаў начэльнікам Валаковым: «Пайдзіце да зямлі свае, бо адмаўляе СПАДАР даць імне йсьці з вамі».

І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».
 
І ўсталі начэльнікі моаўскія, і прышлі да Валака, і сказалі: «Адмаўляецца Валаам ісьці з намі».

І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.
 
І ўдругава Валак паслаў начэльнікаў шмат, і славутшых за гэтых.

І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.
 
І прышлі яны да Валаама, і сказалі яму: «Гэтак кажа Валак Сэпоронак: "Не адмоўся йсьці да мяне,

Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
 
Бо ўчсьціць учшчу цябе вельмі, і ўсе, што скажаш імне, зраблю. Дык прыйдзі, калі ласка, пракліні імне люд гэты"».

І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі [нават] дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.
 
І адказаваў Валаам, і сказаў слугам Валаковым: «Каб Валак даваў імне поўны свой дом срэбла а золата, ня змог бы я пераступіць расказаньня СПАДАРА, Бога свайго, каб зрабіць што-колечы малое альбо вялікае.

А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».
 
А цяпер прабывайце тут і вы гэту ноч, і я даведаюся, што дадасьць, гутарачы з імною, СПАДАР».

І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».
 
І прышоў Бог да Валаама ночы, і сказаў яму: «Калі гукаць цябе прышлі людзі гэтыя, то ўстань, пайдзі зь імі; але толькі слова, што Я буду казаць табе, тое рабі».

І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.
 
І ўстаў Валаам нараніцы, і асядлаў асьліцу сваю, і пайшоў з начэльнікамі моаўскімі.

І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.
 
І ўзгарэўся гнеў Божы за тое, што ён пайшоў зь імі, і стаў Ангіл СПАДАРОЎ на дарозе, каб пераказіць яму; а ён ехаў на асьліцы сваёй, і ізь ім два маладзёны ягоныя.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.
 
І абачыла асьліца Ангіла СПАДАРОВАГА, Каторы стаяў на дарозе, і меч Ягоны на галі ў руццэ ягонай, зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; і біў Валаам асьліцу, каб зьвярнуць яе на дарогу.

І стаў анёл ГОСПАДА на сьцежцы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.
 
І стаў Ангіл СПАДАРОЎ на вузкой селавой дарозе меж вінішчаў, з аднаго боку плот і з другога боку плот.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і прыціснулася да муру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.
 
І абачыла асьліца Ангіла СПАДАРОВАГА, і прыціснулася да сьцяны, і прыціснула нагу Валаамаву да сьцяны, і ён ізноў біў яе.

І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.
 
І Ангіл СПАДАРОЎ ізноў перайшоў, і стаў у цесным месцу, ідзе няма куды зьвярнуць, ані направа, ані налева.

І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.
 
І абачыла асьліца Ангіла СПАДАРОВАГА, і лягла пад Валаамам. І ўзгарэўся гнеў Валаамаў, і ён біў асьліцу кіям.

І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»
 
І адчыніў СПАДАР вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: «Што я табе зрабіла, што ты б’еш мяне вось ужо трэйці раз?»

І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»
 
І сказаў Валаам асьліцы: «Бо ты наругалася імне; калі б у мяне ў руццэ быў меч, то я цяпер жа забіў бы цябе».

І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».
 
І сказала асьліца Валааму: «Ці ня я твая асьліца, на каторай ты езьдзіў конна спачатку дагэтуль? ці прызвычкаю прывыкла гэтак рабіць із табою?» Ён сказаў: «Не».

І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.
 
І адчыніў СПАДАР вочы Валааму, і абачыў ён Ангіла СПАДАРОВАГА, што стаяў на дарозе, і меч ягоны на галі ў руццэ ягонай, і скланіўся, і пакланіўся відам сваім.

І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога [твая] перад табою.
 
І сказаў яму Ангіл СПАДАРОЎ: «За што ты біў асьліцу сваю вось ужо трэйчы? Я вышаў, каб пераказіць, бо дарога крутні перад Імною.

І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».
 
І абачыла асьліца Мяне, і зьвярнула ад мяне вось ужо трэйчы. Калі б яна не зьвярнула ад Мяне, то Я нават цябе забіў бы, а яе пакінуў бы жывую».

І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».
 
І сказаў Валаам Ангілу СПАДАРОВАМУ: «Ізграшыў я, бо я ня ведаў, што Ты стаіш насупроці мяне на дарозе; дык, калі гэта ліха ў ваччу Тваім, то я зьвярнуся».

І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.
 
І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Валааму: «Пайдзі зь людзьмі гэтымі, але толькі слова, што Я буду казаць табе, тое кажы». І пайшоў Валаам із начэльнікамі Валаковымі.

І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.
 
І пачуў Валак, што прышоў Валаам, вышаў на пярэймы яму да места моаўскага, што на граніцы Арнона, каторы ля канца граніцы.

І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
 
І сказаў Валак Валааму: «Ці не станаўко пасылаў я да цябе зваць цябе? Чаму ты ня йшоў да мяне? Няго ж я запраўды не магу ўчсьціць цябе?»

І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».
 
І сказаў Валаам Валаку: «Вось, Я прышоў да цябе, але ці магу я што сказаць? Слова ўложа Бог у вусны мае, тое й буду гукаць».

І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
 
І пайшоў Валаам із Валаком, і прышлі да Кіраф-Гуцоф.

І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.
 
І зарэзаў Валак буйны а драбны статак, і паслаў Валааму а начэльнікам, што ізь ім.

І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу [Ізраіля].
 
І было нараніцы: і ўзяў Валак Валаама, і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавы, каб ён абачыў стуль часьць люду.