Лікі 27 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І наблізіліся дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з сям’і Манасы, сына Язэпа, а імёны іхнія: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.
 
І дабліжыліся дачкі Салпагада, сына Гэферавага, сына Ґілеадавага, сына Махіровага, сына Манасавага з радзімаў Манаса Язэпенка, і во ймёны дачок ягоных: Магла, Ноа, Гоґла, Мілка а Тырца;

І сталі яны перад абліччам Майсея і Элеазара сьвятара, і перад абліччам князёў і усёй грамады каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, кажучы:
 
І сталі перад Масеям а перад Елеазаром, сьвятаром, а перад князьмі, а ўсёй грамадою ля ўходу будану збору, і сказалі:

«Бацька наш памёр у пустыні, але ня быў ён сярод грамады, якая сабралася разам з Карахам супраць ГОСПАДА, бо ён памёр у граху сваім, і не было сыноў у яго.
 
«Айцец наш памер на пустыні, і ён ня быў пасярод тае вяткі, што былі зьбершыся супроці СПАДАРА зь вяткаю Корынай, але ў сваім грэху памер, і сыноў у яго ня было.

Чаму мае зьнікнуць імя бацькі нашага з сям’і ягонай, бо ня меў ён сына? Дайце нам уласнасьць паміж братоў бацькі нашага».
 
Чаму мае не ставаць імені айца нашага з пасярод радзімы ягонае, затым што ў яго няма сына? Дай нам дзяржаву сярод братоў айца нашага».

І прынёс Майсей справу іхнюю перад аблічча ГОСПАДА.
 
І дабліжыў Масей справу іхную СПАДАРУ.

І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
 
І сказаў СПАДАР Масею:

«[Справядліва] дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць, спадчыну паміж братоў бацькі іхняга, і няхай яны маюць спадчыну бацькі іхняга.
 
«Добра кажуць Салпагадзянкі. Канечне хай дасца ім дзяржава на спадак сярод братоў айца іхнага, і хай пярэйдзе дзяржава бацькоў іхных ім.

А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Калі чалавек памрэ і сына мець ня будзе, спадчына ягоная пераходзіць на дачку ягоную.
 
І сыном Ізраелявым гукай, кажучы: "Калі людзіна памрэць, ня маючы ў сябе сына, то перадайце дзяржаву ягоную дачцэ ягонай.

Калі ён ня мае дачкі, спадчыну ягоную аддайце братам ягоным.
 
І калі ж няма ў яго дачкі, перадайце дзяржаву ягоную братом ягоным.

Калі ён ня мае братоў, аддайце спадчыну ягоную братам бацькі ягонага.
 
Калі ж няма ў яго братоў, дык аддайце дзяржаву ягоную братом айца ягонага.

Калі няма братоў бацькі ягонага, тады спадчына ягоная пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў сям’і ягонай, і ён возьме спадчыну”. І гэта будзе пастанова для сыноў Ізраіля, прысуд, які загадаў ГОСПАД Майсею».
 
І калі ж няма братоў у вайца ягонага, дык аддайце дзяржаву ягоную блізкому сваяку ягонаму з радзімы ягонае, і возьме яе на спадак. І хай будзе гэта сыном Ізраелявым за ўставу судовую, як расказаў СПАДАР Масею"».

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі на гару Абарым і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Узыйдзі на гэтую гару Аварым і глядзі на зямлю, каторую Я даў сыном Ізраелявым.

І ты ўбачыш яе, і будзеш далучаны да народу свайго, як быў далучаны Аарон, брат твой,
 
І абачыш яе, і прылучышся да люду свайго таксама ты, як прылучыўшыся Аарон, брат твой;

бо вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх у пустыні Сін падчас бунту грамады, бо вы не зьявілі сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі, [даючы ім] вады». Гэта вада Мэрывы каля Кадэшу ў пустыні Сін.
 
Бо вы збунтаваліся супроці слова Майго на пустыні Цын, у часе бунту грамады, каб усьвяціць Мяне ля водаў перад ачыма іхнымі». Гэта воды Мерывы ля Кадэшу на пустыні Цын.

І прамовіў Майсей да ГОСПАДА, кажучы:
 
І гукаў Масей СПАДАРУ, кажучы:

«Няхай ГОСПАД, Бог духаў і кожнага цела, прызначыць чалавека, які [будзе кіраваць] грамадой гэтай,
 
«Хай прызнача СПАДАР, Бог духоў усялякага цела, над грамадою гэтаю чалавека,

і які будзе выходзіць і ўваходзіць перад абліччам іхнім, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня сталася грамада ГОСПАДА як авечкі без пастуха».
 
Каторы выходзіў бы перад імі і каторы ўходзіў бы перад імі, і каторы выводзіў бы іх і каторы прыводзіў бы іх, каб не засталася грамада СПАДАРОВА, як авечкі, у каторых няма пастыра».

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі Егошуа, сына Нуна, чалавека, на якім Дух [Божы]; і ўскладзі рукі твае на яго.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Вазьмі сабе Ігошуу Нунянка, людзіну, у каторай ё Дух, і ўзлажы на яго руку сваю,

І пастаў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і перад абліччам усёй грамады, і перад вачыма іхнімі пастаў яго [правадыром].
 
І пастанаві яго перад Елеазаром, сьвятаром, а перад усім зборам, і дай яму расказаньне перад ачыма іхнымі,

І ўладай сваёй падтрымай яго, каб слухала яго ўся грамада сыноў Ізраіля.
 
І дасі яму із славы свае, каб слухаў яго ўвесь збор сыноў Ізраелявых.

І стане ён перад абліччам Элеазара сьвятара, а ён пра яго спытаецца перад абліччам ГОСПАДА праз суд урыму. Паводле [слова] з вуснаў Ягоных будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраіля з ім, і ўся грамада».
 
І перад Елеазаром, сьвятаром, ён будзе станавіцца, і сьвятар будзе пытацца яму праз рассудак Урыма перад СПАДАРОМ; і на ягонае слова маюць выходзіць, і на ягонае слова маюць уходзіць ён а ўсі сынове Ізраелявы зь ім а ўся грамада».

І зрабіў Майсей так, як яму загадаў ГОСПАД. І ўзяў Егошуа, і паставіў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і ўсёй грамады,
 
І ўчыніў Масей, як расказаў яму СПАДАР: і ўзяў Ігошуу, і пастанавіў яго перад Елеазаром, сьвятаром, і перад усім зборам,

і ўсклаў на яго рукі свае, і паставіў яго [правадыром], як прамовіў ГОСПАД праз Майсея.
 
І ўзлажыў на яго рукі свае, і даў яму расказаньне, як казаў СПАДАР Масеям.