Лікі 18 разьдзел
Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў ГОСПАД Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна Сялібы. Ты і сыны твае будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна сьвятарства вашага.
І сказаў СПАДАР Аарону: «Ты а сыны твае а дом айца твайго з табою панясіце бяспраўе сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панясіце бяспраўе сьвятарстваваньня свайго.
Таксама браты твае, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, няхай наблізяцца да цябе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Намёце Спатканьня.
І таксама й братоў сваіх плямені Левавага, плямя айца свайго дабліж да сябе; і няхай яны прылучацца да цябе й паслугуюць табе; а ты а сыны твае з табою пры будане сьветчаньня.
І будуць яны захоўваць тое, што патрэбнае для цябе і для Сялібы, але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня будуць яны набліжацца, каб не памерлі ані яны, ані вы.
І няхай яны дзяржаць данае табе паручэньне і паручэньне цэлага будану, але да судзьдзя сьвятога й да аброчніка хай ня бліжацца, каб не памерлі, таксама ім, таксама вам.
І будуць яны пры табе і будуць захоўваць усё адносна Намёту Спатканьня, усю службу пры Сялібе, але ніводзін чужынец ня будзе набліжацца да вас.
І няхай яны прылучацца да цябе й дзяржаць данае ім паручэньне — будан збору ля ўсіх адправаў будану, а чужы ня мае бліжыцца да вас.
І вы будзеце захоўваць службу пры сьвятыні і пры ахвярніку, каб не было больш гневу на сыноў Ізраіля.
І гэтак дзяржыце паручэньне сьвятыні й паручэньне аброчніка, і ня будзе болей гневу на сыноў Ізраелявых.
Вось, Я ўзяў братоў вашых, лявітаў, спасярод сыноў Ізраіля і даў іх як дар ГОСПАДУ, каб яны выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.
А Я, вось Я, узяў братоў вашых, Левітаў, з пасярод сыноў Ізраелявых вам, на дар СПАДАРУ, служыць службу будану збору.
А ты і сыны твае з табою будзеце захоўваць сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да ахвярніка і месца за заслонай. Я даю вам як дар сьвятарства вашае, а калі чужынец наблізіцца [да яго], памрэ».
А ты а сыны твае з табою глядзіце сьвятарства свайго ў кажнай рэчы аброчніка і што ўнутры за запінахаю, і служыце служэньне; як дар даю вам сьвятарства ваша; а чужы, што дабліжыцца, памрэць».
І прамовіў ГОСПАД да Аарона: «Вось, Я даю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, якія пасьвячаюць [Мне] сыны Ізраіля, Я даю табе і сынам тваім за служэньне [сьвятарскае] як пастанову вечную.
І казаў СПАДАР Аарону: «І Я, вось Я, даў табе дагляд аброкаў Сваіх; з усёга, пасьвячанага сынамі Ізраелявымі, Я даў табе а сыном тваім іх, з прычыны памазаньня, уставаю вечнай.
Гэта будзе табе са сьвятога сьвятых, з ахвяраў агнявых: [возьмеш] кожны дар ахвярны, ахвяру хлебную, ахвяру за грэх і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як сьвятое сьвятых [будуць] яны для цябе і для сыноў тваіх.
Гэта будзе табе ізь сьвятасьцяў із спалянага: з усіх аброкаў іхных, з усялякіх іхных аброкаў хлебных, з усялякіх аброкаў іхных за грэх і з усялякага аброку віны, што яны зварачаюць Імне. Сьвятасьць сьвятасьцяў табе а сыном тваім.
У Сьвятым Сьвятых будзеш іх есьці; кожны мужчына можа есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.
У найсьвятшым месцу ежча яго; усі мужчыны могуць есьці яго. Сьвятасьцяй будзе табе.
А ўсе дары ахвярныя, якія патрэсваюць, [складаючы], сыны Ізраіля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як пастанову вечную; кожны чысты ў доме тваім будзе есьці іх.
І во што табе з узьнесеньняў дароў іхных; усі нахінаныя дары сыноў Ізраелявых табе Я даў іх а сыном тваім а дачкам тваім із табою ўставаю вечнай. Кажны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
Табе Я даю ўсю тлустасьць алею, і ўсю тлустасьць віна і збожжа, якое сыны Ізраіля прыносяць ГОСПАДУ як першыя плады.
Усе найлепшае з алівы й усе найлепшае зь віннога соку а збожжа, пачаткі іх, каторыя яны даюць СПАДАРУ, табе Я аддаў іх.
І пяршыны, якія яны прыносяць ГОСПАДУ з усёй зямлі іхняй, будуць твае. Кожны чысты ў доме тваім, будзе есьці іх.
Першыя аброкі з усёга, што ў зямлі іхнай, каторыя яны прынясуць СПАДАРУ, хай будуць твае. Кажны ў доме тваім можа есьці іх.
Усё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе тваім.
Усе пасьвячанае ў Ізраелю твае будзе.
Усе першародныя ўлоньня кожнага цела, якія прыносяцца ГОСПАДУ, ці з людзей, ці з жывёлы, будуць тваімі. Але людзей першародных і кожнай жывёлы, якая нячыстая, выкупіш, выкупляючы.
Усе, рашчыняючае дзетніцу ў вусялякага цела, каторае абракаюць СПАДАРУ зь людзёў і із статку, хай будзе тваім. Толькі пяршак ізь людзёў мае быць выкуплены, і першароднае із статку нячыстага мае быць выкуплена.
Выкупіш іх праз месяц пасьля нараджэньня за пяць сыкляў срэбра паводле сыклю сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
А выкуп яго: ад аднаго месяца выкупіце яго, подле ацэны твае, пяць сыкляў срэбла, подле сыклю сьвятыні, дваццаць гэр яно.
Першародных каровы, першародных авечкі і першародных казы ня будзеш выкупляць, бо яны сьвятыя. Кроў іхнюю выльеш на ахвярнік, а тлушч іхні спаліш у агні на мілы пах ГОСПАДУ.
Але першароднае з валоў, і першароднае з авец, і першароднае з казлоў не выкупляй: яны сьвятасьць; кроў іх крапі на аброчнік і тук іх палі на аброк, на прыемны пах СПАДАРУ.
Мяса іхняе будзе тваім, таксама грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.
Мяса ж іх табе хай будзе, як грудзіна ўзьнесеньня й правая лапатка табе хай будзе.
Усе дары сьвятыя, якія прыносяць сыны Ізраіля ГОСПАДУ, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім з табою як пастанову вечную. Гэта вечны запавет солі перад абліччам ГОСПАДА для цябе і насеньня твайго з табою».
Усі ўзношаныя сьвятасьці, каторыя ўзносяць сынове Ізраелявы СПАДАРУ, Я аддаў табе а сыном тваім а дачкам тваім із табою, уставаю вечнай; змова солі гэта навекі перад СПАДАРОМ табе а насеньню твайму з табою».
І сказаў ГОСПАД Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець спадчыны і ня будзеш мець між імі часткі [зямлі]. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраіля.
І гукаў СПАДАР Аарону: «У зямлі іхнай ня будзеш мець спадку, і дзелі ня будзе табе сярод іх. Я дзель твая а спадак твой сярод сыноў Ізраелявых.
Вось, сынам Левія Я даю як спадчыну ўсе дзесяціны ў Ізраілі за служэньне, якое яны выконваюць у Намёце Спатканьня.
А сыном Левавым, вось, Я даў кажную дзесяціну ў Ізраелю на спадак; за ўсі службы іхныя, што яны служаць службы ў будане збору.
А сыны Ізраіля ня будуць больш набліжацца да Намёту Спатканьня, каб не ўчыніць грэху, [які вядзе] да сьмерці.
І хай ня бліжацца болей сынове Ізраелявы да будану збору, каб не панесьці грэху і не памерці.
[Толькі] лявіты будуць выконваць служэньне ў Намёце Спатканьня, і яны самі будуць несьці правіну сваю. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. І ня будуць [лявіты] мець спадчыны між сынамі Ізраіля,
І няхай робяць Левіты работу будану збору, і яны нясуць на сабе бяспраўе іхнае. Гэта ўстава вечная ўроды вашы; і памеж сыноў Ізраелявых не спадзець спадак ім,
бо Я даў лявітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраіля ахвяроўваюць ГОСПАДУ. Дзеля таго Я сказаў ім: “Між сыноў Ізраіля ня будзеце вы мець спадчыны”».
Адно дзесяціну сыноў Ізраелявых, каторую яны ўзносяць на ўзьнесеньне СПАДАРУ, Я аддаў Левітам на спадак; затым Я сказаў ім: сярод сыноў Ізраелявых ім не спадзець спадку».
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
«Прамоў да лявітаў і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраіля, якія Я даў вам у спадчыну, дзесяціну з дзесяціны маеце прынесьці ў дар ГОСПАДУ.
«І Левітам гукай і скажы ім: "Як вы будзеце браць ад сыноў Ізраелявых дзесяціну, каторую Я даю вам ад іх на спадак вашы, то ўзносьце зь яе ўзьнесеньне СПАДАРУ, дзесяціну зь дзесяціны.
І будзе гэта вам залічана як дар ад збожжа з току або ад таго, што напаўняе тоўчню.
І палічаны будуць вам узьнесеньні вашы, як збожжа з такаўні і як паўніня з таўчэльні.
І вы таксама павінны складаць ахвяры ГОСПАДУ з усіх дзесяцінаў вашых, якія вы атрымліваеце ад сыноў Ізраіля; прынясіце іх ГОСПАДУ і [дайце] Аарону сьвятару як дар.
Гэтак будзеце ўзносіць таксама й вы ўзьнесеньне СПАДАРУ з усіх дзесяцінаў сваіх, каторыя будзеце браць ад сыноў Ізраелявых, і будзеце даваць ізь іх узьнесеньне СПАДАРОВА Аарону сьвятару.
З усяго, што атрымліваеце, прыносьце ўсялякія дары ГОСПАДУ, і з усяго найлепшага як сьвятой часткі гэтага”.
З усіх дароў сваіх узносьце ўсялякае ўзьнесеньне СПАДАРУ, з усякага туку яго, пасьвячанага зь яго".
І скажы ім: “Калі вы зложыце [з дзесяцінаў] ў ахвяру тлустасьць [дароў], гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і ахвяра з тоўчні.
І скажы ім: "Як вы ўзьнясіце найлепшае зь яго, то гэта палічана будзе Левітам, як прыбытак із такаўні й як прыбытак із таўчэльні.
І будзеце гэта есьці на кожным месцы вы і дом ваш, бо гэта плата за службу вашую ў Намёце Спатканьня.
І будзеце есьці гэта на ўсялякім месцу, вы а дамы вашыя; бо гэта плата вам, за работы вашы ў будане збору.
І вы не панясеце на сабе грэху, калі ахвяруеце тлустасьць іхнюю, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраіля, і не памрацё”».
І не панясіце за гэта грэху, як узьнясіце найлепшае зь яго; і пасьвячаньня сынамі Ізраелявымі ня будзеньце, і не памрыце"».