Лікі 31 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго».
 
«Памсьці помстаю сыноў Ізраелявых Мідзянянам, а потым прылучаны будзеш да люду свайго».

І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі.
 
І гукаў Масей люду, кажучы: «Узбройце з пасярод сябе людзёў да войска, каб былі яны супроці Мідзянян, зрабіць помсту СПАДАРОВУ над Мідзянянамі;

[Выбярыце] па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну».
 
Па тысяча з плямені, па тысяча з плямені ад усіх плямёнаў Ізраелявых пашліце войска».

І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою.
 
І перадалі з тысячаў Ізраелявых па тысяча з плямені, двананцаць тысячаў узброенага войска.

І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы [былі] ў руцэ ягонай.
 
І паслаў іх Масей, па тысяча з плямені, на вайсковую прыгатову, іх а Фінегаса, сына Елеазара, сьвятара, у войска, і сьвятыя судзіны а трубы на трывогу ў руццэ ягонай.

І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў,
 
І пайшлі паходам на Мідзяна, як расказаў СПАДАР Масею, і забілі кажнага мужчыну.

і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом.
 
І каралём Мідзянскім зрабілі сьмерць, разам із забітымі іхнымі: Еву а Рэкему а Цуру а Гуру а Рэву, пяцём каралём Мідзянскім, і Валааму Веоронку зрабілі сьмерць мячом.

І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі,
 
І ўзялі ў палон сынове Ізраелявы жанкі мідзянскія а дзецяняты іхныя, і ўвесь статак іхны, і ўсі стады іхныя, і ўсю маемасьць іхную разглабалі.

а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём.
 
І ўсі месты іхныя ў дзяржавах іхных, і ўсі замкі іхныя спалілі цяплом.

І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.
 
І ўзялі ўсе захопленае і ўвесь здабытак, як ізь людзёў, так і статку.

І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.
 
І прывялі да Масея а Елеазара, сьвятара, а да збору сыноў Ізраелявых палоненікаў, і здабытак, і наглабанае да табару на раўніны Моаўскія, каторыя ля Ёрдану, супроці Ерыхону.

І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар.
 
І вышлі Масей а Елеазар, сьвятар, а ўсі князі збору напярэймы навонкі табару.

І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны.
 
І ўгневаўся Масей на вайводцаў, на князёў тысячаў а князёў сотняў, каторыя прышлі з войска, з вайны,

І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў?
 
І сказаў ім Масей: «Вы пакінулі жывую кажную жонку?

Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА?
 
Вось, яны былі сыном Ізраелявым, на слова Валаама, прычынаю выступу супроці СПАДАРА ў справе Пеора, і было паражэньне ў збору СПАДАРОВЫМ.

І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў.
 
Дык цяпер зрабіце сьмерць кажнаму мужчыне зь дзецянят, і кажнай жонцы, што пазнала мужа ляжаньням самца, зрабіце сьмерць.

А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці.
 
А ўсі дзецяняты жаноцкія, каторыя не пазналі ляжаньня самца, пакіньце жывыя сабе.

І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў [душу] або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя.
 
І вы разьляжчася вонках табару на сем дзён; кажны, што забіў чалавека, і кажны, што даткнуўся да забітага, ачысьціцеся на трэйці дзень і на сёмы дзень, вы а палоненікі вашыя.

І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны».
 
І кажнае адзецьце, і кажную скураную судзіну, і ўсе зробленае з казінае воўны, і ўсе дзярвянае судзьдзе ачысьціце».

І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею.
 
І сказаў Елеазар сьвятар людзём войска, каторыя йшлі на вайну: «Во ўстава права, каторае расказаў СПАДАР Масею.

Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава
 
Адно золата а срэбла, медзь, зялеза, цыну а волава,

і ўсе рэчы, якія могуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць.
 
Кажную рэч, што вытрывае ў цяпле, прапусьціце пераз цяпло, і яна ачысьціцца; а толькі адлучальнаю вадою ачысьціцца ўсе, што ня трывае ў цяпле, дык прапусьціце гэта пераз ваду.

І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар».
 
І вымыйце адзецьці вашыя на сёмы дзень, і ачысьціцеся, і просьле гэтага ўходзьце ў табар».

І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
 
І сказаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады.
 
«Палічы колькасьць узятага палону, ад чалавека аж да статку, ты а Елеазар, сьвятар, а галавы з айцоў збору.

І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой.
 
І падзялі папалам здабытак памеж вояў, што хадзілі на вайну, і ўсім зборам.

І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак.
 
І аддзялі дань СПАДАРУ ад вояў, што пайшлі на вайну, па аднэй душы зь пяцьсот, зь людзёў а з буйнога статку а з аслоў а з драбнога статку.

І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ.
 
І з палавіцы іхнае вазьмі, і аддай Елеазару, сьвятару, на ўзьнесеньне СПАДАРУ.

А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА».
 
І з палавіцы сыноў Ізраелявых вазьмі адну дзель ізь пяцьдзясят, зь людзёў, з буйнога статку, з аслоў а з драбнога статку з усялякае статчыны, і аддай Левітам, паручэньне вітальні СПАДАРОВАЕ дзяржачым».

І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
І зрабіў Масей а Елеазар сьвятар, як расказаў СПАДАР Масею.

І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак,
 
І было здабытку, засталага ад заглабанага, каторы разглабаў люд войска: драбнога статку шасьцьсот семдзясят пяць тысячаў,

семдзясят дзьве тысячы валоў,
 
І буйнога статку семдзясят дзьве тысячы,

шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў,
 
І аслоў шасьцьдзясят адна тысяча,

а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы.
 
А душ людзкіх із жанок, каторыя ня зналі ляжаньня самца, усіх душаў трыццаць дзьве тысячы.

І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак.
 
І была палавіца, дзель тых, што хадзілі на вайну, подле разьліку была: драбнога статку трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот;

І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак.
 
І дань СПАДАРУ з драбнога статку шасьцьсот семдзясят пяць;

[І было] валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ [была] семдзясят два [валы].
 
А буйнога статку трыццаць шэсьць тысячаў, і дань ізь іх СПАДАРУ семдзясят два;

[І было] трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ [была] шэсьцьдзясят адзін [асёл].
 
І аслоў трыццаць тысячаў пяцьсот, і дань ізь іх СПАДАРУ шасьцьдзясят адзін;

[І было] шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ [была] трыццаць дзьве душы.
 
І душаў людзкіх шаснанцаць тысячаў, і дань ізь іх СПАДАРУ трыццаць дзьве душы.

І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
І аддаў Масей дань, узьнесеньне СПАДАРУ, Елеазару сьвятару, як расказаў СПАДАР Масею.

А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў, [была]:
 
І з палавіцы сыном Ізраелявым, каторую аддзяліў Масей ад людзёў ваюючых,

трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак,
 
Была палавіца збору: драбнога статку трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот,

трыццаць шэсьць тысячаў валоў,
 
Буйнога статку трыццаць шэсьць тысячаў,

трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў
 
Аслоў трыццаць тысячаў пяцьсот,

і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх.
 
І душаў людзкіх шаснанцаць тысячаў.

І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Узяў Масей з палавіцы сыноў Ізраелявых адну дзель ізь пяцьдзясят із чалавека а статчыны, і аддаў гэта Левітам, паручэньне вітальні СПАДАРОВАЕ дзяржачым, як расказаў СПАДАР Масею.

І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,
 
І дабліжыліся да Масея вайводцы над тысячмі войска, князі тысячаў а князі сотняў,

і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх.
 
І сказалі Масею: «Слугі твае палічылі лік ваенных людзёў, каторыя мы мелі пад загадам сваім, і ня было нестаючага ні воднага.

І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА».
 
І мы прынесьлі дар СПАДАРУ, кажны, каторы знайшоў із залатых рэчаў, ланцужкі, бружлеты, жуковіны, завушніцы а прывескі, на ласкіўчыненьне душам нашым у СПАДАРА».

І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго.
 
І ўзяў Масей а Елеазар сьвятар золата ў іх, кажную судзіну мастацкую.

І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснаццаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў.
 
І было ўсяго золата ўзьнесеньня, каторае ўзьнесьлі СПАДАРУ, шаснанцаць тысячаў сямсот пяцьдзясят сыкляў, ад князёў тысячаў і ад князёў сотняў.

А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу.
 
Людзі вайсковыя глабалі кажны сабе.

І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА.
 
І ўзяў Масей а Елеазар сьвятар золата ад князёў тысячаў а сотняў, і прынесьлі яго да будану збору, на памятку сыноў Ізраелявых перад СПАДАРОМ.