Лікі 21 разьдзел
Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве, што Ізраільцяне ідуць шляхам ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палонных.
І пачуў Канаанскі кароль Арад, каторы жыў на паўдня, што прышоў Ізраель дарогаю Афарым, і ваяваў із Ізраелям, і ўзяў у яго палоненікаў.
І шлюбаваў Ізраіль ГОСПАДУ, і сказаў: «Калі Ты, выдаючы, выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы паложым закляцьце на гарады ягоныя».
І абяцаў Ізраель абятніцу СПАДАРУ, і сказаў: «Калі чыста аддасі люд гэты ў рукі мае, то зьнішчу месты іхныя».
І выслухаў ГОСПАД голас Ізраіля, і выдаў яму Хананейцаў, і яны палажылі закляцьце на іх і на гарады іхнія, і назвалі імя месцу гэтаму Харма.
І пачуў СПАДАР голас Ізраеляў, і аддаў Канааняніна, і ён зьнішчыў іх а месты іхныя, і назваў імя места таго: Горма.
І выйшлі яны ад гары Гор шляхам да Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў часе дарогі душа народу страціла цярплівасьць.
І крануліся ад гары Гор дарогаю Чырвонага мора, каб абмінуць зямлю Едомскую. І душа люду вельмі зьбезахоцілася ў дарозе.
І гаварыў народ супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. І душы нашай абрыд гэты марны хлеб».
І гукаў люд супроці Бога й супроці Масея: «Нашто вывялі вы нас ізь Ягіпту, каб памерці на пустыні? бо няма хлеба ані вады, і душы нашай агідла гэта негадзячая ежа».
І паслаў ГОСПАД на народ палючых зьмеяў, і яны кусалі народ, і памерла шмат народу ў Ізраілі.
І паслаў СПАДАР на люд агняныя гады, і яны кусалі люд, і памерла множасьць люду з Ізраеля.
І прыйшоў народ да Майсея, і сказаў: «Саграшылі мы, бо гаварылі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ.
І прышоў люд да Масея, і сказалі: «Ізграшылі мы, бо гукалі мы супроці СПАДАРА й супроці цябе; памаліся СПАДАРУ, каб Ён адняў таго гада». І памаліўся Масей за люд.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зрабі [зьмея] палючага і падымі яго як сьцяг. Кожны ўкушаны, калі гляне на яго, будзе жыць».
І сказаў СПАДАР Масею: «Зрабі сабе гада й выстанаві яго на сьцяг, і будзе, што кажны ўкушаны, калі гляне на яго, дык будзе жыць».
І зрабіў Майсей зьмея мядзянага, і ўзьняў яго як сьцяг, і сталася, што калі зьмей укусіў чалавека, а ён глянуў на зьмея мядзянага, дык заставаўся жыць.
І зрабіў Масей мядзянага гада, і выставіў яго на сьцяг, і было, як гад укусіў чалавека, ён, глянуўшы на мядзянага гада, заставаўся жывы.
І выйшлі [ў дарогу] сыны Ізраіля, і сталі табарам у Абоце.
І крануліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам ув Овофе.
І выйшлі з Аботу, і сталі табарам пад Іе-Абарымам у пустыні, якая на ўсход ад Мааву.
І крануліся з Овофу, і разьлягліся табарам у Іе-Аварыме, на пустыні, што супроці Моава, на ўсход сонца.
Адтуль выйшлі і сталі табарам каля ручая Зарэд.
Стуль крануліся й разьлягліся табарам на даліне Зарэд.
Адтуль выйшлі і сталі табарам за [ракою] Арнон, якая цячэ праз пустыню з межаў Амарэйцаў, бо Арнон — мяжа між Мааўлянамі і Амарэйцамі.
Адгэнуль крануліся й разьлягліся табарам на другім баку Арнона на пустыні, каторы выходзе з граніцы Аморэя; бо Арнон граніца Моава, меж Моава й Аморэя.
Таму сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэў каля Суфа і ручаёў Арнону.
Затым сказана ў кнізе войнаў СПАДАРОВЫХ праз Вагеба ў Суфе а праз прытокі Арнона
Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву».
А праз плынь гэтых ручаёў каторая сьхінаецца да палажэньня Ар і датыкаецца граніцаў Моаўскіх.
Адтуль [рушылі] ў Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам яму вады».
І адгэтуль да студні. Гэтая тая студня, праз каторую казаў СПАДАР Масею: «Зьбяры люд, і дам ім вады».
Тады засьпяваў Ізраіль гэты сьпеў: «Напаўняйся, студня, сьпявайце пра яе!
Тады пяяў Ізраель гэтую песьню: «Падыймайся, студня, пяіце празь яе.
Студня, якую выкапалі князі, начальнікі народу капалі скіпетрамі і кіямі сваімі». З пустыні яны [вырушылі] ў Матану,
Студню капалі начэльнікі, капалі яе дабрародныя люду з правадаўцам пасахамі сваімі». І з пустыні да Матаны,
з Матаны — у Нахаліэль, з Нахаліэлю — у Бамот,
З Матаны да Нагалелю, з Нагалелю да Вамофу,
з Бамоту — у лагчыну, якая на полі Мааву, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.
І з Вамофу да даліны, каторая ў полю Моава, на версе Пісґі, і глядзіць далоў на пустыню.
І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, кажучы:
І паслаў Ізраель паслоў да Сыгона, караля Аморэйскага, кажучы:
«Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пойдзем шляхам валадарскім, пакуль ня пройдзем межы твае».
«Перайду перазь зямлю тваю, не адхінуся ў полі а ў вінішчы, ня будзем піць вады із студняў, дарогаю каралеўскаю пойдзем, пакуль не пярэйдзем граніцы твае».
Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае, і сабраў Сыгон увесь народ свой, і пераняў Ізраіля ў пустыні, і прыйшоў у Ягцу, і напаў на Ізраіля.
І ня даў Сыгон Ізраелю прайсьці сваю граніцу; і зьбер Сыгон увесь люд свой, і вышаў супроці Ізраеля на пустыню, і прышоў да Ягацы, і ваяваў із Ізраелям.
І перамог яго Ізраіль вострывам мяча, і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да [зямлі] сыноў Амона, бо моцнымі былі межы сыноў Амона.
І зразіў яго Ізраель лязом мяча, і ўзяў у дзяржаньне зямлю ягоную ад Арнона аж да Явока, аж да граніцаў сыноў Амонавых, бо моцная была граніца сыноў Амонавых.
І авалодаў Ізраіль усімі гарадамі тымі, і абжыўся Ізраіль у гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах ягоных.
І ўзяў Ізраель усі месты гэтыя, і жыў Ізраель у вусіх местах Аморэйскіх, у Гэшбоне й у вусіх перадмесьцях яго;
Хешбон [быў] горадам Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і забраў з рукі ягонай ўсю зямлю аж да Арнону.
Бо Гэшбон, места Сыгонава, караля Аморэйскага яно; і ён ваяваў зь пярэднім каралём Моаўскім, і ўзяў усю зямлю ягоную з рукі ягонае аж да Арнона.
Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!
Затым гукалі прыпавесьнікі: «Прыйдзіце да Гэшбону, і хай збудуюць а ўмацуюць места Сыгонава;
Бо агонь выйшаў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, спаліў Ар-Мааў і ўладароў узгорышчаў Арнону.
Бо цяпло вышла з Гэшбону, поламя зь места Сыгонавага, пажэрла Ар-Моаў а дзяржачых вышыні Арнонавы.
Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дочак тваіх [аддаў] у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў.
Бяда табе, Моаве! загінуў ты, людзе Хамосаў! Разьбегліся сынове ягоныя, а дачкі ягоныя сталі палоненіцамі Аморэйскага караля Сыгона.
Пусьцілі мы [стрэлы] ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы [ўсё] аж да Нофы і аж да Мэдэвы».
І мы стралялі ў іх; загінуў Гэшбон аж да Дывона, і мы спустошылі іх аж да Нофы, каторая ля Медэвы».
І абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў.
І прабываў Ізраель у зямлі Аморэйскай.
І паслаў Майсей выведчыкаў у Язэр. І яны здабылі яго і ваколіцы ягоныя, і выгналі Амарэйцаў, якія [былі] там.
І паслаў Масей выглядзець Язэр, і перамаглі перадмесьці яго, і прагналі Аморэяў, каторыя там.
І яны павярнулі, і пайшлі па шляху ў Башан. І выйшаў Ог, валадар Башану, насустрач ім на бітву з усім народам сваім у Эдрэі.
І павярнуліся, і пайшлі дарогаю Вашану. І выступіў Оґ, кароль Вашанскі, супроці іх, сам а ўвесь люд ягоны на вайну да Едрэі.
І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў ў рукі твае яго і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне».
І сказаў СПАДАР Масею: «Ня бойся яго, бо ў руку тваю Я аддаў яго а ўвесь люд ягоны а зямлю ягоную, і ўчыніш яму, як учыніў Сыгону, каралю Аморэйскаму, што жыў у Гэшбоне».
І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і авалодалі зямлёй ягонай.
І паразілі яны яго а сыноў ягоных а ўвесь люд ягоны, так што не засталося астачы, і адзяржалі на спадак зямлю ягоную.