Лікі 11 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І як гэты люд быў як наракальнікі, дык гэта было ліха ў вушшу СПАДАРОВЫМ; і СПАДАР пачуў, і ўзгарэўся гнеў Ягоны, і загарэлася памеж іх цяпло СПАДАРОВА, і пачало жэрці ў канцу табару.
 
І пачаўся супраць Госпада шум народа, што быццам пакутаваў ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада, і знішчыў крайнюю частку лагера.

І загаласіў люд да Масея, і памаліўся Масей СПАДАРУ, і згаела цяпло.
 
І, калі народ стаў усклікаць да Майсея, Майсей пачаў маліць Госпада, і агонь спыніўся.

І назваў імя месца таго: Тавера, бо загарэлася ў іх цяпло СПАДАРОВА.
 
Назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся там супраць іх агонь Госпадаў.

І зборышча мешанае, каторае было сярод іх, угалілася галеньням, і селі й плакалі; таксама сынове Ізраелявы, і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса?
 
А іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, засмуткавалі, і, усеўшыся разам, сыны Ізраэля таксама плакалі і наракалі: «Хто дасць нам наесціся мяса?

Мы памятуем рыбу, каторую ў Ягіпце мы елі дарма, гуркі а дыні а пор, цыбулю а часнок.
 
Мы памятаем, як у Егіпце мы елі дарма рыбу; памятаем агуркі, гарбузы, цыбулю і часнок.

А цяпер душа наша высьмягла; нічога няма, апрача тога, што на манну вочы нашы».
 
Горла наша — сухое, нічога іншага не бачаць вочы нашы, апрача манны».

А манна падобная да корыяндравага насеньня, выглядам, як выгляд бдолаха.
 
Манна ж была падобная да насення каляндры і мела выгляд, як бдалах.

Люд разыходзіўся і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і варыў у казане, і пёк ізь яе перапечкі; і быў смак яе, як смак сьвежае алівы.
 
А народ хадзіў вакол, і збіраў яе, і малоў у жорнах або тоўк у ступе ды варыў у гаршку, і рабіў з яе аладкі; са смакам хлеба, прыгатаванага на аліўкавым алеі.

І як раса зыходзіла на табар ночы, тады зыходзіла на яго й манна.
 
І калі ўначы раса ападала на лагер, ападала адначасова і манна.

І чуў Масей, што люд плакаў па радзімах сваіх, кажны ля ўходу будану свайго; і надта ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ, і гэта было ліха ў ваччу Масея.
 
Такім чынам, Майсей чуў, як народ плача па сем’ях, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэлася абурэнне Госпада; бо невыноснай для Майсея была ўбачаная ім рэч,

І сказаў Масей СПАДАРУ: «Чаму Ты ліха чыніш слузе Свайму? І чаму я ня прыдбаў ласкі ў ваччу Тваім, што Ты ўзлажыў цяжар усяго люду гэтага на мяне?
 
і казаў ён Госпаду: «Чаму Ты мучыш паслугача Свайго? Чаму не магу я знайсці ласкі ў Цябе? І чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народа гэтага?

Ціж я зачаў увесь гэты люд? і ціж я нарадзіў яго, што Ты імне кажаш: "Насі яго на ўлоньню сваім, як нянька носе сысуна, да зямлі, каторую Ты прысягаў бацьком ягоным?"
 
Ці ж з мяне пачаўся ўвесь гэты народ або з мяне нарадзіўся, што кажаш мне: “Насі яго ў сэрцы сваім, як носіць звычайна карміцелька немаўля, ды адвядзі яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго”?

Скуль імне мяса, каб даць усяму люду гэтаму? Бо яны плачуць перад імною, кажучы: "Дай нам мяса есьці".
 
Адкуль узяць мне мяса, каб есці нам? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб наесціся!”

Не магу я адзін адзінюсенькі несьці ўсяго люду гэтага, бо ён лішне цяжкі імне.
 
Не магу адзін вытрымліваць увесь гэты народ, бо занадта цяжкі ён для мяне.

І як гэтак Ты робіш імне, то валей забіць, забі мяне, калі я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, і каб імне ня бачыць гароты свае».
 
Калі такім чынам абыходзішся са мною, прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб не бачыў я болей няшчасця свайго!»

І сказаў СПАДАР Масею: «Зьбяры Імне семдзясят мужоў із старцоў Ізраелявых, каторых ты знаеш, што яны старцы люду а нагляднікі яго, і вазьмі іх да вітальні збору, і хай стануць там із табою.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Збяры Мне семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі сталыя і кіраўнікі, і прывядзі іх у палатку сустрэчы, і хай там стаяць разам з табой.

Я зыйду, і буду гутарыць там із табою, і вазьму з Духа, каторы на табе, і ўзлажу на іх, і будуць насіць із табою цяжар люду, і ня будзеш насіць ты адзінюсенькі.
 
А Я сыду і буду гаварыць з табою, і вазьму ад духа твайго, і перадам ім, каб разам з табою пераносілі яны цяжар народа, а не толькі ты быў ім абцяжараны.

А люду скажы: "Пасьвяціцеся назаўтрае й будзеце есьці мяса. Бо вы плакалі ў вушы СПАДАРОВЫ, кажучы: ’Хто дасьць нам пад’есьці мяса? добра было нам у Ягіпце’, то й дасьць вам СПАДАР мяса, і будзеце есьці.
 
Таксама народу скажы: “Асвяціцеся, заўтра будзеце есці мяса; бо я чуў плач ваш: “Хто дасць нам есці мяса? Добра было нам у Егіпце”. І дасць вам Госпад мяса, і будзеце есці

Не адзін дзень будзеце есьці, і ня два, і ня пяць дзён, і ня дзесяць дзён, і ня дваццаць дзён;
 
не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,

Да месяца дзён, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня станецца вам агідным, за тое, што вы ўлегцы замелі СПАДАРА, Каторы сярод вас, і плакалі перад Ім, кажучы: ’Нашто было нам выходзіць ізь Ягіпту?’"»
 
але ўвесь месяц, аж пакуль яно не выйдзе праз ноздры вашы і не вернецца ванітамі, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Які паміж вас, і наракалі на Яго, кажучы: “Чаму выходзілі мы з Егіпта?”»

І сказаў Масей: «Шасьцьсот тысячаў пешых люд гэты, што я сярод яго, а Ты кажаш: "Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц дзён".
 
І сказаў Майсей: «Шэсцьсот тысяч пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: “Я дам ім есці мяса цэлы месяц!”

Няго ж драбны й буйны статак зарэзаць ім, і знойдзеш ім? Або ўся рыба морская зьбярэцца ім, і знойдзеш ім?»
 
Ці мноства авечак і валоў будзе забіта, каб маглі яны наесціся? Або ўсе рыбы мора збяруцца ў адно, каб іх насыціць?»

І сказаў СПАДАР Масею: «Ціж рука СПАДАРОВА скарацілася? Цяпер ты абачыш, ці станецца подле слова Майго, ці не?»
 
Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Ужо цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на справе, ці не».

І вышаў Масей, і гукаў люду словы СПАДАРОВЫ, і зьбер семдзясят мужоў із старцоў люду, і пастанавіў іх наўкола будану.
 
Дык выйшаў Майсей і абвясціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, якіх паставіў вакол скініі.

І зышоў СПАДАР у булаку, і гутарыў ізь ім, і ўзяў із Духа, каторы на ім, і даў на семдзясят мужоў старцоў. І было, як супачыў на іх Дух, то праракалі яны і не перасталі.
 
А Госпад сышоў у воблаку і гаварыў з імі, узяўшы ад духа, які быў у Майсеі, і перадаўшы сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі дух супачыў на іх, прарочылі яны, а потым пакінулі.

І заставаліся два мужы ў табару: аднаго імя Елдад, а другога імя Мейдад, і яны з упісаных, і ня выходзілі да будану, і яны праракалі ў табару.
 
А два чалавекі засталіся ў лагеры, адзін з іх зваўся Эльдад, а другі — Мэдад; на іх таксама сышоў дух, бо і яны былі прызначаны, толькі не пайшлі ў палатку. І, калі яны прарочылі ў лагеры,

І прыбег тый маладзён, і азнайміў Масею, і сказаў: «Елдад а Мейдад праракаюць у табару».
 
прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму, кажучы: «Эльдад і Мэдад прарочаць у лагеры».

І адказаў Ігошуа Нунянок, служэц Масеяў, адзін із абраных ягоных, і сказаў: «Спадару мой Масею, забарані ім».
 
Адразу ж Ешуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»

І сказаў яму Масей: «Ці не завідуеш ты за мяне? О, калі б хто даў, што ўвесь люд СПАДАРОЎ былі прарокамі, калі б СПАДАР даў Духа Свайго на іх».
 
Але Майсей адказаў: «Ці не раўнуеш ты за мне? О, калі б усе ў народзе былі прарокі, калі б даў ім Госпад Духа Свайго?»

І ўзноў пайшоў Масей да табару, ён а старцы Ізраелявы.
 
І Майсей і старэйшыны Ізраэля вярнуліся ў лагер.

І ўзьняўся вецер ад СПАДАРА, і прынёс ад мора перапёлкі, і рассыпаў іх каля табару, на дзень дарогі гэтта і на дзень дарогі гэнам, навокал табару, траха на два локці над відам зямлі.
 
Але падняўся вецер ад Госпада, і прынёс з-за мора перапёлак, і кінуў іх каля лагера на дарозе, на дзень дарогі з аднаго боку і дзень дарогі з другога боку лагера, амаль на два локці ад зямлі.

І ўстаў люд, і ўвесь тый дзень, і ўсю ноч, і ўвесь заўтрашні дзень зьбіралі перапёлкі; і хто мала зьбіраў, тый зьбер дзесяць гомераў; і разлажылі іх разлажэньням наўкола табару.
 
Дык паўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень збіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс дзесяць звязак; і параскладалі іх вакол лагера.

Мяса яшчэ было меж зубоў іхных перад разжаваньням, як гнеў СПАДАРОЎ узгарэўся на люд, і выцяў СПАДАР люд вельмі вялікаю караю.
 
Яшчэ мяса было на іх зубах і хапала гэтай ежы, і вось, узгарэлася абурэнне Госпада супраць народа і ўдарыў яго Госпад вельмі вялікай плягаю.

І ён назваў імя месца таго Кіброт-Гаттаава (Грабы Прагавітасьці), бо там пахавалі прагавіты люд.
 
І тое месца названа Кіброт-Гатава; бо там пахавалі прагавіты народ.

Ад Кіброт-Гаттаавы крануўся люд да Гасэрофу, і былі ў Гасэрофе.
 
А выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Асэрот і там затрымаліся.