Другі закон 11 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Дык любі СПАДАРА, Бога свайго, і дзяржы паручэньне Ягонае, і ўставы Ягоныя, і суды Ягоныя, і расказаньні Ягоныя ўсі дні.
 

І ведайце цяпер, што я кажу вам, а ня сыном вашым, каторыя ня зналі й ня бачылі зыру СПАДАРА, Бога вашага, Ягонае вялікасьці, Ягонае моцнае рукі й высокага пляча Ягонага,
 

І знакоў Ягоных, і ўчынкаў ягоных, каторыя Ён учыніў сярод Ягіпту фараону, каралю Ягіпецкаму, і ўсёй зямлі ягонай,
 

І што Ён учыніў з войскам Ягіпецкім, з коньмі ягонымі і зь цялежкамі ягонымі, што Ён разьліў воды Чырвонага мора на віды іх, як яны гналіся за вамі, і загубіў іх СПАДАР аж дагэтуль,
 

І што Ён зрабіў вам на пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
 

І што Ён зрабіў Дафану а Авіраму, сыном Елява, сына Рувінавага, што зямля рашчыніла вусны і глынула іх а дамы іхныя а буданы іхныя а ўсю маемасьць іхную, каторая была ля ног іхных, сярод усяго Ізраеля.
 

Бо вочы вашы бачылі ўсі справы СПАДАРА вялікага, каторыя Ён учыніў.
 

Дык дзяржыце ўсе расказаньне, каторае расказую вам цяпер, каб вы ўмацаваліся, і ўвыйшлі, і апанавалі зямлю, куды вы пераходзіце, каб апанаваць яе,
 

І каб вы працягнулі дні на зямлі, каторую прысягаў СПАДАР айцом вашым даць ім а насеньню іхнаму, зямлю, каторая цячэць малаком а мёдам;
 

Бо зямля, да каторае ты прышоў, апанаваць яе, яна не такая, як зямля Ягіпецкая, з каторае вышлі вы, ідзе ты, пасеяўшы сяўбу сваю, і паліваў яе пры помачы ног сваіх, як гарод варыўны.
 

Але зямля, да каторае вы пераходзіце, каб апанаваць яе, ё зямля з гарамі й далінамі, і ад дажджу нябёснага навадняецца,
 

Зямля, праз каторую СПАДАР, Бог твой, рупіцца; кажначасна вочы СПАДАРА, Бога твайго, на ёй, з пачатку году і аж да канца году.
 

І будзе, калі вы будзеце слухаць расказаньняў Маіх, каторыя расказую вам цяпер, любіць СПАДАРА, Бога свайго, і служыць Яму ўсімі сэрцамі сваімі і ўсімі душамі сваімі,
 

Дык дам дождж зямлі вашай упару, раньні й позны; і ты зьбярэш збожжа свае а вінны сок свой а аліву сваю;
 

І дам траву на полю тваім статку твайму; і будзеш есьці а сыціцца.
 

Сьцеражыцеся, каб не спадманулася сэрца вашае, і вы не адхінуліся, і не пачалі служыць іншым Багом, і не пакланіліся ім.
 

І ўзгарыцца гнеў СПАДАРА на вас, і Ён замкнець неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня дасьць пладоў сваіх; і вы загінеце борзда з добрае зямлі, каторую СПАДАР даець вам.
 

Дык палажыце гэтыя словы Мае на сэрцах сваіх і на душах сваіх, і завяжыце іх на знак на рукі свае, і хай будуць яны начэльнікам памеж ачоў вашых.
 

І вучыце іх дзеці свае, гукаючы празь іх, як ты сядзіш у доме сваім, і як ідзеш дарогаю, і як кладзешся, і як устаеш.
 

І напішы іх на вушакох дому свайго і ў брамах сваіх,
 

Каб на зямлі, каторую СПАДАР прысягаў айцом вашым даць ім, памнажыліся дні вашы а дні дзяцей вашых, падобна да дзён нябёс над зямлёю.
 

Бо калі вы будзеце стродка дзяржаць усе расказаньне гэтае, каторае я расказую вам паўніць, каб любіць СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць усімі дарогамі Ягонымі й ліпці да Яго,
 

То выжане СПАДАР усі народы гэтыя ад віду вашага, і вы апануеце народы, большыя а дужшыя за вас.
 

Усякае месца, на каторае ступе ступа ног вашых, будзе ваша, ад пустыні й Лібану, ад ракі Еўфрату, аж да мора адзадняга будуць граніцы вашы.
 

Ня ўстое перад вамі ніякая людзіна: страх ваш а ляк ваш дасьць СПАДАР, Бог ваш, на від усяе зямлі, на каторую вы ступіце, як Ён казаў вам.
 

Глянь, сулю вам цяпер дабраславенства й кляцьбу:
 

Дабраславенства, калі паслухаеце расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, каторыя я расказую вам цяпер,
 

А кляцьбу, калі не паслухаеце расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і адхініцеся ад дарогі, каторую расказую вам цяпер, каб ісьці за багамі іншымі, каторых вы ня знаеце.
 

І будзе, як увядзець цябе СПАДАР у тую зямлю, у каторую ты ўходзіш, каб апанаваць яе, дык дай дабраславенства на гары Ґерызым, і кляцьбу на гары Гэвал.
 

Ці ня ё яны за Ёрданом, за дарогаю на захад сонца, у зямлі Канааняніна, што жывець на раўніне, супроці Ґілґалу, ля дубровы Морэ?
 

Бо вы пераходзіце Ёрдан, каб увыйсьці апанаваць зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам, і апануеце яе, і будзеце жыць на ёй.
 

І рупцеся паўніць усі ўставы а суды, каторыя я вам даю цяпер.