Другі закон 27 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І расказаў Масей а старцы Ізраелявы люду, кажучы: «Дзяржыце ўсе расказаньне, каторае расказую вам цяпер.
 

І будзе таго дня, калі пярэйдзеце Ёрдан да зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, тады пастанаві сабе вялікія камяні й пабяліце іх вапнаю;
 

І напішы на іх усі словы права гэтага, як пярэйдзеш, каб ты ўвыйшоў у зямлю, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, зямлю, што цячэць малаком а мёдам, як казаў табе СПАДАР, Бог айцоў тваіх.
 

І будзе, як пярэйдзеце Ёрдан, пастановіце камяні тыя, як я расказую вам цяпер, на гары Гевал, і пабяліце іх вапнаю.
 

І збудуй там аброчнік СПАДАРУ, Богу свайму, аброчнік із камянёў, не нахінаючы на іх зялеза.
 

З камянёў суцэльных збудуй аброчнік СПАДАРУ, Богу свайму, і ўзнось на ім аброкі, усепаленьні СПАДАРУ, Богу свайму.
 

І абракай аброкі супакойныя, і еж там, і весяліся перад СПАДАРОМ, Богам сваім.
 

І напішы на камянёх усі словы права гэтага вельмі выразьліва».
 

І гукаў Масей а сьвятары Левіты ўсяму Ізраелю, кажучы: «Уважай а слухай, Ізраелю: гэтата дня ты стаў людам СПАДАРА, Бога свайго.
 

Дык слухай голасу СПАДАРА, Бога свайго, і паўні расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, каторыя расказую табе цяпер».
 

І расказаў Масей народу таго дня, кажучы:
 

«Гэтыя маюць стаць, каб дабраславіць народ на гары Ґерызым, як пярэйдзеце Ёрдан: Сымон, Леў, Юда, Іссасхар, Язэп а Венямін.
 

А гэтыя маюць стаяць, каб праклінаць на гары Гевал: Рувін, Гад, Ашэр, Завулон, Дан а Неффалім.
 

А Левіты адкажуць і скажуць кажнаму мужу Ізраелцу вялікім голасам:
 

"Пракляты чалавек, што зробе выразаны й літы абраз, брыду перад СПАДАРОМ, работу рук майстры, і пастанове яго патай". І адкажа ўвесь люд і скажа: "Амін".
 

"Пракляты, хто ўлегцы мае айца свайго а маці сваю". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ўзрушае межы прыяцеля свайго". І скажа ўвесьлюд: "Амін".
 

"Пракляты, хто нявіснога зьбівае з дарогі". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто адхінае суд чужаземца, сіраты а ўдавы". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ляжа із жонкаю айца свайго, бо ён адкрыў крысо айца свайго". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ляжа зь якім-колечы статкам". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ляжа ізь сястрою сваёю, з дачкою маці свае". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто бярэць лапаны, каб забіць душу, кроў нявінную". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ўтайку забівае прыяцеля свайго". І скажа ўвесь люд: "Амін".
 

"Пракляты, хто ня выпаўне словаў права гэтага, каб іх паўніць". І скажа ўвесь люд: "Амін".