Другі закон 25 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі будзе сьпярэчка памеж людзёў, і яны дабліжацца да суду, дык хай судзяць іх, правага хай аправяць, а ліхога засудзяць.
 

І калі будзе варты біцьця ліхі, то судзьдзя хай раскажа пакласьці яго й біць перад сабою, подле ліхасьці ягонае, лікам.
 

Сорак вытняў можа біць яго, а не павяліча, каб ад павялічэньня вытняў звыш гэтага, ад шмат вытняў брат твой ня быў паніжаны перад ачыма тваімі.
 

Не затыкай пыску валу, як ён малоце.
 

Калі браты жывуць разам, і адзін ізь іх памрэць, а сына няма ў яго, то жонка памерлага ня мае выходзіць вонкі за чалавека чужога, але дзевер ейны мае ўвыйсьці да яе а ўзяць яе сабе за жонку а жыць ізь ёю, як дзевер.
 

І будзе, што пяршак, каторага яна народзе, установе імя брата ягонага памерлага, каб ня было сьцерта імя ягонае ў Ізраелю.
 

Калі ж не захоча тый чалавек узяць браціху сваю, то браціха ягоная ўзыйдзе да брамы, да старцоў, і скажа: "Адмовіўся дзевер мой устанавіць імя брата свайго ў Ізраелю, ня хоча жаніцца з імною, як дзевер";
 

Тады гукнуць яго старцы места ягонага і будуць умаўляць; і калі ён стане й скажа: "Не хачу ўзяць яе";
 

То дабліжыцца браціха ягоная да яго на ачох старцоў, і здыйме бот ягоны з нагі ягонае, і плюне ў від ягоны, і адкажа, і скажа: "Гэтак робяць із чалавекам, каторы ня будуе дому брату свайму".
 

І назавуць імя ягонае ў Ізраелю: "Дом разутага".
 

Як б’юцца мяжсобку мужчыны, чалавек і брат ягоны, і жонка аднаго дабліжыцца, каб уратаваць мужа свайго з рук б’ючага яго, і выцягнуўшы руку сваю, схопе яго за сарамаценьне;
 

Дык адсячы руку ейную; хай не пажалее вока твае.
 

Хай ня будзе ў мяху тваім дваякіх камянёў, вялікі й малы.
 

Хай ня будзе ў доме тваім дваякая ефа, вялікая й малая.
 

Вага дасканальная а справядлівая хай будзе ў цябе, мера дасканальная а справядлівая хай будзе ў цябе, каб працягнуліся дні твае на зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе;
 

Бо агідны перад СПАДАРОМ, Богам тваім, кажны робячы няпраўду.
 

Памятуй, што зрабіў табе Амалік на дарозе, як выйшлі зь Ягіпту;
 

Як ён пераняў цябе на дарозе, і пабіў усіх млявых адзаду цябе, як ты здарожыўся а прыстаў, і не пабаяўся ён Бога.
 

І будзе, як СПАДАР, Бог твой, супакое цябе ад усіх варагоў тваіх навокал зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, каб апанаваць яе, вытры памятку Амаліка з пад нябёсаў, не забудзься.