Другі закон 25 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка
Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць.
Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго [на зямлю] і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы [ўдары].
Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць [больш], каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі.
Не завязвай пысы валу, які малоціць.
Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю.
І станецца, што сыну першароднаму, якога яна народзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі.
А калі той мужчына не захоча узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму [гораду] да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”.
І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”,
тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.
І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.
Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны,
адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё.
Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых.
Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.
Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне.
Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.
Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.
Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься [пра гэта].