Другі закон 34 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І ўзышоў Масей з раўнінаў Моаўскіх на гару Нево, на верх Пізґі, каторая перад відам Ерыхону, і паказаў яму СПАДАР усю зямлю Ґілеад аж да Дану,
 

І ўсю Неффалімову, зямлю Яхрэмаву а Манасаву, і ўсю зямлю Юдзіну аж да адзадняга мора,
 

І паўдня, і раўніну аколіцы Ерыхону, места пальмаў, аж да Цоару.
 

І сказаў яму СПАДАР: «Во зямля, праз каторую Я прысягаў Абрагаму, Ісаку а Якаву, кажучы: "Насеньню твайму дам яе". Я даў табе абачыць яе ачыма сваімі, але туды не пярэйдзеш».
 

І памер там Масей, слуга СПАДАРОЎ, у зямлі Моаўскай, подле слова СПАДАРОВАГА.
 

І пахаваў яго ў даліне ў зямлі Моаўскай супроці Веф-Пеору, і ніхто ня ведае магілы ягонае аж дагэтуль.
 

І Масею было сто дваццаць год, як ён памер; не пацямнела вока ягонае, і ня высілілася сьвежасьць ягоная.
 

І плакалі сынове Ізраелявы па Масею на раўнінах Моаўскіх трыццаць дзён. І скончыліся дні плачу а жалобы па Масею.
 

І Ігошуа Нунянок напоўніўся духа мудрасьці, бо Масей рукі свае ўзлажыў на яго, і слухалі яго сынове Ізраелявы, і рабілі так, як расказаў СПАДАР Масею.
 

І не паўстаў яшчэ ў Ізраелю прарока, падобны да Масея, каторага СПАДАР знаў відам у від,
 

Подле ўсіх знакоў а чудосаў, каторыя зрабіць паслаў яго СПАДАР у зямлі Ягіпецкай Фараону а ўсім слугам ягоным а ўсёй зямлі ягонай,
 

І подле рукі дужое, і подле вялікага страху, каторыя Масей учыніў перад ачыма ўсяго Ізраеля.