Адкрыцьцё 1 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Аб’яўленьне Ісуса Хрыста, каторае даў Яму Бог, каб паказаць слугам Сваім, што мае стацца неўзабаве. Ён жа наказаў, паслаўшы Ангілам Сваім нявольніку Свайму Яану,
Каторы сьветчыў слова Божае й сьветчаньне Ісуса Хрыста, — усе, што ён бачыў.
Дабраславёны тый, што чытае, і тыя, што слухаюць словы прароцтва гэтага й дзяржаць напісанае ў ім; бо час блізка.
Яан сямём цэрквам, што ўв Азі: ласка вам а супакой ад Тога, Каторы ё, і быў, і прыйдзе, і ад сямёх духоў, што перад пасадам Ягоным,
І ад Ісуса Хрыста, вернага сьветкі, першака зь мертвых і валадара каралёў земных. Яму, Каторы ўмілаваў нас і вывальніў нас ад грахоў нашых крывёю Сваёй,
І ўчыніў нас гаспадарамі і сьвятарамі Богу а Айцу Свайму, слава а сіла на векі вякоў! Амін.
Вось ідзець із булакамі, і кажнае вока абача Яго, і тыя, што прабалі Яго; і зазохаюць перад Ім усі плямёны зямлі. Амін.
«Я ё Альфа й Омэґа», кажа Спадар Бог, Каторы ё, і быў, і прыйдзе, Усемагучы.
Я Яан, брат ваш і сябра ў ватузе і ў гаспадарстве і ў цярплівосьці Ісуса, быў на абтоку, званым Патмос, дзеля Слова Божага і дзеля сьветчаньня Ісуса.
Я быў у духу ў Спадароў дзень і пачуў адзаду сябе вялікі голас, бы трубны,
Кажучы: «Запішы, што ты бачыш, у сувой і пашлі сямём цэрквам: да Ефэсу а да Сьмірны а Пэрґаму а Тыятыры а да Сардаў а Філядэльфы а да Ляодыкі».
І я абярнуўся, каб бачыць голас, што казаў імне; і, абярнуўшыся, абачыў сем залатых сьветачаў
І, пасярод сьветачаў, падобнага да Сына людзкога, адзетага ў вадзецьце да ног, і па грудзёх ён быў паперазаўшыся залатым поясам.
Галава Ягоная й валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; вочы Ягоныя, як поламя агню;
І ногі Ягоныя падобныя да пазорыстае медзі, бы ў печы распаленае; і голас Ягоны, як гук шмат водаў.
І меў у правіцы Сваёй сем зор; і з вуснаў Ягоных выходзіў абаротны войстры меч; і від Ягоны, як сонца, калі зьзяе ў сіле сваёй.
І як я абачыў Яго, дык паў у ногі Яму, як мертвы. І Ён паклаў на мяне правіцу Сваю, кажучы: «Не палохайся; Я першы й апошні,
І жывы; і быў мертвы, вось, жывы на векі вякоў; і маю ключы сьмерці й пеклы.
«Дык напішы, што ты бачыў, і што ё, і што будзе просьле гэтага.
Тайна сямёх зораў, што ты бачыў у правіцы Маёй, і сямёх залатых сьветачаў: сем зораў — гэта ангілы сямёх цэркваў; а сем сьветачаў, каторыя ты бачыў — сем цэркваў.