Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Як дабліжыліся да Ерузаліму, да Віффаґі а Віфані, да гары Аліўнае, пасылае двух із вучанікаў Сваіх
І калі наблізіліся да Ярузаліму, да Бітхвагі і Бітані, да гары Аліваў, (Ён) пасылае двух вучняў Сваіх,
І кажа ім: «Ідзіце ў селішча, што супроці вас, і зараз, як увыйдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторае ніхто яшчэ не садзіўся, адвяжыце яго й прывядзіце.
і кажа ім: ідзіце ў сяло, якое проста перад вамі; і, уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце прывязанага маладога асла, на якога ніхто зь людзей ня садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце.
І калі хто скажа вам: "Нашто вы гэта робіце?" скажыце, што Спадар патрабуе яго, і ён зараз пашлець яго сюды».
І калі хто вам скажа: што гэта (вы) робіце? адказвайце: ён патрэбны Госпаду; дык адразу пашле яго сюды.
І яны пайшлі, і знайшлі асьлянё вонках, прывязанае ля варот на ростанях дзьвюх дарогаў, і адвязалі яго.
І (яны) пайшлі і знайшлі маладога асла, прывязанага каля брамкі звонку на вуліцы, і адвязваюць яго.
А некатрыя з тых, што стаялі там, сказалі ім: «Што вы робіце, адвязуеце асьлянё?»
І нікаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце, адвязваючы асьляня?
І сказалі ім, як Ісус ім расказаў; і тыя адпусьцілі іх.
І яны сказалі ім, як загадаў Ісус; і (тыя) адпусьцілі іх.
І прывялі асьлянё Ісусу, і накінулі свае адзецьце на яго; і Ён сеў на ім.
І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго вопраткі свае; і (Ён) сеў на яго;
І шмат хто адзецьце свае слаў на дарозе; а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і ўсьцілалі імі дарогу.
а многія пасьцілалі вопраткі свае на дарогу; а іншыя абразалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарогу.
І йдучыя сьпераду і йдучыя адзаду гукалі, кажучы: «Госанна! Дабраславёны йдучы ў імя Спадарова!
І тыя, што ішлі сьпераду і за Ім, крычалі кажучы: Госанна! багаславёны, Які ідзе ў Імя Госпада!
Дабраславёнае гаспадарства айца нашага Давіда, што йдзець у імя Спадарова! Госанна на вышыні!»
Багаславёна Валадарства бацькі нашага Давіда, што ідзе ў Імені Госпада! Госанна ў вышэйшых нябёсах!
І Ісус увыйшоў у Ерузалім а ў сьвятыню; і агледзеўшы ўсе навокал, як ужо быў позны час, вышаў да Віфані з двананцацьма.
І ўвайшоў Ісус у Ярузалім і ў Сьвятыню. І агледзіўшы ўсё, а час ужо быў позьні, выйшаў з дванаццацю ў Бітаню;
І назаўтрае, як яны вышлі зь Віфані, запрагнуў.
А на другі дзень, калі яны выйшлі з Бітані, (Ён) захацеў есьці.
І, бачачы здалеку фіґу зь лісьцём, падышоў, ці ня знойдзе магчыма чаго на ёй; і, як прышоў да яе, не знайшоў нічога, апрача лісьця, бо не пара была на фіґі.
І ўбачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-небудзь. І падыйшоўшы да яе нічога ня знайшоў, апрача лíсьця, бо (яшчэ) ня час быў (зьбіраць) смоквы.
І Ісус, адказуючы, сказаў ёй: «Наперад ніхто зь цябе ня будзе есьці плоду на векі!» І вучанікі Ягоныя чулі.
І загаварыўшы Ісус сказаў да яе: больш ад цябе ніхто ня зьесьць плоду вавек. І чулі (гэтае) вучні Ягоныя.
прышлі да Ерузаліму. І Ісус, увыйшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні; і сталы пенязяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў;
І прыходзяць (яны) у Ярузалім. А калі ўвайшоў Ісус у Сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікоў у Сьвятыні, і сталы мянялаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў.
І не дазваляў, каб хто пранёс перазь сьвятыню якуюлень судзіну.
І ня дазваляў, каб хто-небудзь пранёс цераз Сьвятыню якую рэч.
І навучаў, кажучы ім: «Ці не напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы ў вусіх народаў?" а вы зрабілі яго пячораю разбойнікаў».
І вучыў, кажучы ім: ці ня напісана: Дом Мой Домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў? — А вы зрабілі зь Яго логва разбойнікаў.
А кніжнікі а найвышшыя сьвятары чулі й шукалі, як бы маглі загубіць Яго; бо баяліся Яго, бо ўсі людзі зумяваліся з навукі Ягонае.
І пачулі (гэтае) кніжнікі і архірэі, і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ захапляўся Ягоным вучэньнем.
І, як настаў вечар, Ён вышаў зь места.
А калі наступіў вечар, (Ён) выйшаў зь места.
І нараніцы, праходзячы, абачылі, ажно фіґа ссохла ад карэньня.
А раніцай, праходзячы міма, (вучні) убачылі смакоўніцу, ссохшую ад карэньня.
І, успомнеўшы, Пётра кажа Яму: «Раббі! глянь, фіґа, каторую Ты пракляў, ссохла».
І, прыгадаўшы, Пётра кажа Яму: Раўві! Глядзі, смакоўніца, якую (Ты) пракляў, усохла.
І, Ісус, адказуючы, кажа ім: «Майце веру Божую.
І адказаўшы Ісус кажа ім: мейце веру Божую.
Бо запраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: "Скраніся а кінься ў мора", і ня суміцца ў сэрцу сваім, але будзе верыць, што станецца, што ён сказаў, станецца яму, штолень кажа.
Бо Праўду кажу вам: калі хто (маючы веру Божую) скажа гары гэтай: будзь паднятай і ўкіненай у мора, і ня засумняваецца ў сэрцы сваім, але будзе мець веру (Божую), што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што бы ні сказаў.
Дык Я кажу вам, што ўсе, чаго жадаеце, як моліцеся, верце, што адзяржыце, — і будзе вам.
Пагэтаму кажу вам: усё чаго толькі ў малітве ні просіце, верце, што атрымоўваеце і будзе вам.
І як стаіце на малітве, даруйце, калі маеце штось на каго, каб і Айцец ваш нябёсны дараваў вам выступы вашыя.
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Ба́цька ваш, Які ў Нябёсах, дараваў вам грахі вашыя.
А калі не даруеце, то й Айцец ваш нябёсны не даруе вам выступаў вашых».
Калі ж вы ня даруеце, то і Ба́цька ваш, Які ў Нябёсах, ня даруе вам грахоў вашых.
І прышлі ізноў да Ерузаліму. І, як Ён хадзіў у сьвятыні, падышлі да Яго найвышшыя сьвятары а кніжнікі а старцы.
І прыходзяць ізноў у Ярузалім. І калі Ён хадзіў у Сьвятыні, падыходзяць да Яго архірэі і кніжнікі і старэйшыны.
І кажуць Яму: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?»
І кажуць Яму: якой уладаю гэта робіш? і Хто Табе ўладу гэтую даў, што гэта робіш?
І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас адно; адкажаце Імне, скажу й Я вам, якой уладаю гэта раблю.
Але Ісус, адказаўшы, сказаў ім: спытаю і Я ў вас адно слова, і (вы) адкажыце Мне, і (Я) скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
Хрэст Яанаў зь неба быў ці ад людзёў? Адкажыце Імне».
хрышчэньне Яанава зь Неба было, ці ад людзей? Адкажыце Мне.
Яны ж разважалі мяжсобку, кажучы: «Калі скажам: "Зь неба", Ён скажа: "Дык чаму вы не паверылі яму?"
І (яны) разважалі паміж сабою кажучы: калі скажам: зь Неба, — (то Ён) скажа: чаму тады ня паверылі яму?
Але калі скажам: "Ад людзёў"», — баяліся груду, бо ўсі мелі Яана за запраўднага прароку.
А калі скажам: «ад людзей», — баяліся народу. Бо ўсе лічылі, што Яан ёсьць сапраўды Прарок.
І, адказуючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «І Я таксама не скажу вам, якой уладаю гэта раблю».
І, адказаўшы, гавораць Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус, адказаўшы, кажа ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.