Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як дабліжыліся да Ерузаліму, да Віффаґі а Віфані, да гары Аліўнае, пасылае двух із вучанікаў Сваіх
 
Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх

І кажа ім: «Ідзіце ў селішча, што супроці вас, і зараз, як увыйдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторае ніхто яшчэ не садзіўся, адвяжыце яго й прывядзіце.
 
і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;

І калі хто скажа вам: "Нашто вы гэта робіце?" скажыце, што Спадар патрабуе яго, і ён зараз пашлець яго сюды».
 
і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.

І яны пайшлі, і знайшлі асьлянё вонках, прывязанае ля варот на ростанях дзьвюх дарогаў, і адвязалі яго.
 
Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.

А некатрыя з тых, што стаялі там, сказалі ім: «Што вы робіце, адвязуеце асьлянё?»
 
І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?

І сказалі ім, як Ісус ім расказаў; і тыя адпусьцілі іх.
 
Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.

І прывялі асьлянё Ісусу, і накінулі свае адзецьце на яго; і Ён сеў на ім.
 
І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.

І шмат хто адзецьце свае слаў на дарозе; а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і ўсьцілалі імі дарогу.
 
А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

І йдучыя сьпераду і йдучыя адзаду гукалі, кажучы: «Госанна! Дабраславёны йдучы ў імя Спадарова!
 
І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!

Дабраславёнае гаспадарства айца нашага Давіда, што йдзець у імя Спадарова! Госанна на вышыні!»
 
дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!

І Ісус увыйшоў у Ерузалім а ў сьвятыню; і агледзеўшы ўсе навокал, як ужо быў позны час, вышаў да Віфані з двананцацьма.
 
І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.

І назаўтрае, як яны вышлі зь Віфані, запрагнуў.
 
На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;

І, бачачы здалеку фіґу зь лісьцём, падышоў, ці ня знойдзе магчыма чаго на ёй; і, як прышоў да яе, не знайшоў нічога, апрача лісьця, бо не пара была на фіґі.
 
і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.

І Ісус, адказуючы, сказаў ёй: «Наперад ніхто зь цябе ня будзе есьці плоду на векі!» І вучанікі Ягоныя чулі.
 
І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.

прышлі да Ерузаліму. І Ісус, увыйшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні; і сталы пенязяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў;
 
Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;

І не дазваляў, каб хто пранёс перазь сьвятыню якуюлень судзіну.
 
і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.

І навучаў, кажучы ім: «Ці не напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы ў вусіх народаў?" а вы зрабілі яго пячораю разбойнікаў».
 
І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў»? — а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.

А кніжнікі а найвышшыя сьвятары чулі й шукалі, як бы маглі загубіць Яго; бо баяліся Яго, бо ўсі людзі зумяваліся з навукі Ягонае.
 
Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

І, як настаў вечар, Ён вышаў зь места.
 
А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.

І нараніцы, праходзячы, абачылі, ажно фіґа ссохла ад карэньня.
 
Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.

І, успомнеўшы, Пётра кажа Яму: «Раббі! глянь, фіґа, каторую Ты пракляў, ссохла».
 
І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.

І, Ісус, адказуючы, кажа ім: «Майце веру Божую.
 
Ісус, адказваючы, кажа ім:

Бо запраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: "Скраніся а кінься ў мора", і ня суміцца ў сэрцу сваім, але будзе верыць, што станецца, што ён сказаў, станецца яму, штолень кажа.
 
майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа.

Дык Я кажу вам, што ўсе, чаго жадаеце, як моліцеся, верце, што адзяржыце, — і будзе вам.
 
Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.

І як стаіце на малітве, даруйце, калі маеце штось на каго, каб і Айцец ваш нябёсны дараваў вам выступы вашыя.
 
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;

А калі не даруеце, то й Айцец ваш нябёсны не даруе вам выступаў вашых».
 
калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.

І прышлі ізноў да Ерузаліму. І, як Ён хадзіў у сьвятыні, падышлі да Яго найвышшыя сьвятары а кніжнікі а старцы.
 
Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны

І кажуць Яму: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?»
 
і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас адно; адкажаце Імне, скажу й Я вам, якой уладаю гэта раблю.
 
Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:

Хрэст Яанаў зь неба быў ці ад людзёў? Адкажыце Імне».
 
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.

Яны ж разважалі мяжсобку, кажучы: «Калі скажам: "Зь неба", Ён скажа: "Дык чаму вы не паверылі яму?"
 
Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» — дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»

Але калі скажам: "Ад людзёў"», — баяліся груду, бо ўсі мелі Яана за запраўднага прароку.
 
а сказаць: «ад людзей», — баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.

І, адказуючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «І Я таксама не скажу вам, якой уладаю гэта раблю».
 
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.