Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Першага ж дня тыдня Марыя Магдалена прыходзе да гробу рана нараніцы, як яшчэ было цемна, і бача — камень адкочаны ад гробу.
У першы ж дзень тыдня раніцай, калі яшчэ было цёмна, Марыля Магдаліна прыходзіць да магілы і бачыць, што камень ад магілы адвалены.
Дык бяжыць і прыходзе да Сымона Пётры а да другога вучаніка, каторага любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Спадара з гробу, і ня ведаем, ідзе паклалі».
Дык яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Госпада з магілы, і ня ве́даем, дзе палажылі Яго.
Тады вышаў Пётра а другі вучанік і прышлі да гробу.
Тады выйшаў Пётра і той другі вучань, і пайшлі да магілы.
І абодва беглі разам, але другі вучанік бег баржджэй за Пётру, і прышоў да гробу першы.
Беглі ж яны абодва разам, і той другі вучань абагнаў Пётру і прыйшоў да магілы першы
І, нахінуўшыся, абачыў палотны лежачыя; але ня ўвыйшоў.
і, нахіліўшыся, бачыць: ляжаць ільняныя палотны, але ня ўвайшоў.
Тады прыходзе Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвыйшоў у гроб, і бача палотны лежачыя.
Тады прыходзіць Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвайшоў у магілу, ды бачыць: ляжаць ільняныя палотны
А хустку, што была на галаве Ягонай, не з палотнамі лежачую, але складзеную асобна.
і хустка, што была на Галаве Ягонай, ляжыць ня зь ільнянымі палотнамі, але асобна скручаная на другім мейсцы.
Тады ўвыйшоў і другі, што ўперад прышоў да гробу, і абачыў, і ўверыў.
Дык тады ўвайшоў таксама гэты другі вучань, што ўперад прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.
Бо яны яшчэ ня зналі Пісьма, што Яму належыла ўскрэсьці зь мертвых.
Бо яны яшчэ ня ве́далі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць зь мёртвых.
Дык вучанікі пайшлі ізноў двору.
Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
Але Марыя стаяла знадворку ля гробу, плачучы. І як плакала, нахінулася да гробу.
А Марыля стаяла звонку ля магілы, (і) плакала; як жа плакала, нахінулася ў магілу.
І бача двух ангілаў, у белі седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, ідзе ляжала цела Ісусава.
І бачыць двух Ангелаў у белым (адзеньні), сядзяць адзін угаловах, а другі ўнагах, дзе ляжа́ла Цела Ісусава.
І яны кажуць ёй: «Жонка, чаго ты плачаш?» Кажа ім: «Бо ўзялі Спадара майго, і ня ведаю, ідзе паклалі Яго».
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? яна адказвае ім: бо забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе палажылі Яго.
Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і бача, што стаіць Ісус, але ня ведала, што гэта быў Ісус.
І, сказаўшы гэтае, абярнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус, але ня пазна́ла, што гэта Ісус.
Ісус кажа ёй: «Жонка, чаго ты плачаш? каго шукаеш?» Думаючы, што гэта гараднічы, кажа Яму: «Спадару, калі ты вынес Яго адгэтуль, скажы імне, ідзе паклаў Яго, і я вазьму Яго».
Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Каго ты шукаеш? Яна, думаючы, што Ён — садоўнік, кажа Яму: пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе (ты) паклаў Яго, і я вазьму Яго.
Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Абярнуўшыся, яна кажа пагэбрэйску: «Рабуні!», што знача: «Вучыцелю!
Ісус кажа ёй: Марыля! Яна, паўгляда́ўшыся, кажа Яму: Раббунí! што значыць Вучыцель!
Ісус кажа ёй: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзьнёсься да Айца Свайго; але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Свайго і да Айца вашага, і да Бога Свайго і да Бога вашага».
Ісус кажа ёй: ня дакранайся (да) Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшо́ў да Бацькі Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Бацькі Майго і Бацькі вашага, і (да) Бога Майго і Бога вашага.
Прыходзе Марыя Магдалена, наказуючы вучанікам, што бачыла Спадара, і Ён гэта сказаў ёй.
Марыля Магдаліна прыходзе, абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і (што) Ён гэта сказаў ёй.
Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, із страху перад Юдэямі, дзьверы былі замкнёныя, ідзе былі вучанікі, прышоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»
Быў жа вечар таго дня, першага дня тыдня, калі дзьверы (дому), дзе сабраліся вучні (Ягоныя), былі запёртыя ад страху (перад) жыдамі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і кажа ім: Мір вам!
І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі а бок. І ўсьцешыліся вучанікі, абачыўшы Спадара.
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім (Свае) Рукі і Бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.
Тады сказаў ім узноў: «Супакой вам! як Мяне паслаў Айцец, і Я пасылаю вас».
Тады Ісус ізноў сказаў ім: Мір вам! Як паслаў Мяне Бацька (Мой), гэтак і Я пасылаю вас.
І сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.
І, сказаўшы гэтае, дыхнуў (на іх) і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
Каму даруеце грахі, дараваныя ім; каму задзяржыце, задзяржаныя».
Калі каму даруеце грахі, дараваныя будуць ім; калі на кім пакінеце, (на тым) застануцца.
Хама ж, адзін із двананцацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, як прыходзіў Ісус.
А Хама, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, калі прыходзіў Ісус.
Казалі яму іншыя вучанікі: «Мы бачылі Спадара». Ён жа сказаў ім: «Калі не абачу на руках Ягоных знаку ад гваздоў, і не ўкладу палца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу».
Пагэтаму другія вучні казалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўба́чу на Руках Ягоных раны ад цьвіко́ў і ня ўткну пальца майго ў рану ад цьвіко́ў, і ня ўкладу́ рукі маёй у Бок Ягоны, ня паве́ру.
І за восьмі дзён ізноў былі вучанікі ў доме, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, як дзьверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»
І пасьля васьмі дзён ізноў былі ўнутры (дома) вучні Ягоныя, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, дзьверы (ж) былі запёртыя, і стануў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам!
Адлі кажа Хаме: «Выцягні палец свой сюды, і глянь на рукі Мае, і выцягні руку сваю, і ўкладзі ў бок Мой; і ня будзь нявернікам, але вернікам».
Потым кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі Рукі Мае; і дай руку тваю, і ўкладзі (яе) у Бок Мой; і ня бу́дзь няве́ручым, але веручым.
Адказаў Хама і сказаў Яму: «Спадар мой і Бог мой!»
І адказаў Хама і сказаў Яму: Госпадзе мой і Божа мой!
Кажа яму Ісус: «Ты ўверыў, бо абачыў Мяне; дабраславёныя, што ня бачылі і ўверылі».
Ісус кажа яму: Хама, ты паверыў, бо ўбачыў Мяне; шчасьлівыя, што ня ба́чылі і паверылі.
Шмат іншых знакоў учыніў таксама Ісус перад вучанікамі Сваімі, каторыя не запісаныя ў кнізе гэтай.
Сапраўды шмат і другіх Цудаў зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі, якія ня запíсаны ў кнізе гэтай;
Але гэтыя запісаныя, каб вы верылі, што Ісус ё Хрыстос, сын Божы, і каб, верачы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.
Але гэтыя запісаны, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, каб верачы, мелі Жыцьцё ў Імені Ягоным.