Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —
Калі ж даведаўся Госпад, што дачуліся хварысэі, што Ісус больш вучняў робіць і хрысьціць, чымся Яан, —
Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —
хоць Ісус Сам ня хрысьцíў, але вучні Ягоныя, —
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.
І належыла Яму праходзіць пераз Самару.
Належыла ж Яму праходзіць праз Самару.
Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.
І вось, прыходзе Ён да места Самарскага, званага Сіхар, ля хутара, што Якуб даў сыну свайму Язэпу.
Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.
Была ж тамака студня Якубава. І вось затым Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».
Прыходзе жанчына з Самары зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне піць.
(Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).
Бо вучні Ягоныя адыйшліся да места, каб купіць ежы.
Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.
Тады кажа Яму жанчына самарская: як Ты, будучы юдэям, просіш піць у мяне, жанчыны самарскай? Бо юдэі ня ма́юць зносін з самарцамі.
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».
Адказаў Ісус і сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто ёсьць Той, што кажа табе: дай Мне піць, ты б (сама) прасіла Яго, і Ён даў бы табе Вады Жывой.
Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?
Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Ты й зачэрпнуць ня маеш (чым), а студня — глыбокая: адкуль жа Ты маеш ваду жывую?
Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»
Няўжо Ты большы за ба́цьку нашага Якуба, які даў нам гэтую студню, і сам зь яе піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;
Адказаў Ісус і сказаў ёй: кожны, хто п’е ад гэтай вады, ізноў будзе сьмягнуць;
А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».
хто ж будзе піць ад Вады, Якую яму дам Я, ня будзе сьмягнуць на векі, але Вада, што дам яму Я, станецца ў ім крыніцаю Вады, што цячэ ў Жыцьцё Вечнае.
Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».
Кажа Яму жанчына: Госпадзе! Дай мне гэтай вады, каб (мне) ня сьмягнуць і ня прыхо́дзіць сюды чэрпаць.
Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».
Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;
Адказала жанчына і сказала: (я) ня ма́ю мужа. Кажа ёй Ісус: добра (ты) сказала: мужа (я) ня ма́ю;
Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».
бо (ты) мела пяцёх мужоў, і той, якога (ты) цяпер маеш, (ён) ня ёсьць твой муж, гэта (ты) праўдзіва сказала.
Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.
Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Бачу, што Ты — Прарок;
Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».
ба́цькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ярузаліме знаходзіцца мейсца, дзе належыць пакланяцца.
Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.
Кажа ёй Ісус: жанчына, павер Імне, што прыходзе гадзіна, калі і ня на гары гэтай, і ня ў Ярузалíме будзеце пакланяцца Ба́цьку;
Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.
вы пакланяецеся таму, чаго ня ве́даеце; мы пакланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне — ад жыдоў.
Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.
Але настае час, (ён ужо) і цяпе́р ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Ба́цьку ў Духу і Праўдзе, і таму, што Бацька шукае Сабе гэткіх пакланяючыхся.
Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».
Бог (ёсьць) Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, мусяць пакланяцца ў Духу і Праўдзе.
Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».
Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыходзе Мэсія, Які завецца Хрыстос, (і) калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».
Ісус кажа ёй: Я ёсьць (Ён), што гавару з табою.
На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"
І ў гэты (час) прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынай, але ніводны ня сказа́ў: чаго Ты шукаеш? альбо: аб чым Ты гаворыш зь ёю?
Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:
Тады жанчына пакінула пасудзіну сваю і пайшла да места, ды кажа людзям:
«Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»
Пайдзіце сюды, паглядзіце Чалавека, Які сказаў імне ўсё, што (я) зрабіла: ці ня Хрысто́с ёсьць Ён?
Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.
Яны ж выйшлі зь места й пайшлі да Яго.
Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».
А тымчасам вучні (Ягоныя) прасілі Яго, кажучы: Раббі! еж.
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».
Ён жа сказаў ім: Я маю страву есьці, якой вы ня ве́даеце.
Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»
Пагэтаму вучні гаварылі між сабою: няўжо ж нехта прынёс Яму есьці?
Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.
Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць: каб спаўняць Волю Паслаўшага Мяне і скончыць Справу Ягоную.
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.
Ці ня ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, — і прыходзе жніво? Вось, Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, што яны ўжо ёсьць белыя да жніва.
Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.
І хто жне, дастае плату і зьбірае плён дзеля Жыцьця Вечнага, каб і той, (хто) сее, і той, (хто) жне, разам радаваліся.
Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.
Бо ў гэтым слова ёсьць праўдзівае: адзін ёсьць той, (хто) сее, а другі — той, (хто) жне.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».
Я паслаў вас жаць тое, (над) чым вы ня працава́лі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхную.
Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».
І многа самарцаў зь места гэнага паверылі ў Яго па слову жанчыны, што сьведчыла: Ён сказаў мне ўсё, што (я) зрабіла.
Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.
І вось, як прыйшлі да Яго самарцы, (то) прасілі Яго застацца ў іх, і Ён заставаўся там два дні.
І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.
І яшчэ больш уверыла дзеля Слова Ягонага,
І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».
і жанчыне гэтай казалі: ужо ня дзе́ля твайго слова верым, бо (мы) самі чулі і ведаем, што Ён — запраўды Збаўца сьвету, — Хрыстос.
Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;
А цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею;
Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.
бо Сам Ісус засьведчыў, што прарок ня ма́е пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.
Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, (то) галілейцы прынялі Яго, (бо) бачылі ўсё, што Ён зрабіў у Ярузаліме ў сьвята; яны ж бо прыходзілі на сьвята.
Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.
І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў (там) нейкі палацовец, у якога быў хворы сын у Капэрнавуме.
Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго, каб Ён зыйшоў і аздаравіў сына ягонага, бо быў канаў.
Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».
Тады сказаў яму Ісус: калі ня ўба́чыце знакоў і цудаў, ніяк ня ўве́рыце.
Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».
Палацовец кажа Яму: Госпадзе! зыйдзі, перш чым дзіця маё памрэць.
Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».
Ісус кажа яму: ідзі, сын твой жыве. І чалавек паверыў Слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.
Але ўжо, як ён зыходзіў, спаткалі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: дзіця тваё жыве.
Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».
Тады (ён) спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала. І сказалі яму: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.
І вось даведаўся бацька, што ў тую гадзіну, у якую Ісус сказаў яму: сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.
Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.
Гэта йзноў другі Знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы зь Юдэі ў Галілею.