Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
А ты кажы тое, што годзіцца да здаровае навукі:
Ты ж кажы тое, што адпавядае здароваму вучэньню:
Каб старыя былі цьвярозыя, зважныя, разумныя, здаровыя ў веры, у міласьці, у вытрываласьці;
каб старыкі былі духова цьвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, любові, цярплівасьці;
Каб старыя жанкі таксама былі набожнага паступку, не абмоўцы або не падняволеныя шмат якому віну, вучыцелкі дабра;
старым жанчынам таксама паводзіць сябе адпаведна сьвятасьці, ня быць паклёпніцамі, каб ня паддаваліся п’янству, каб вучылі дабру, —
Каб маглі вучыць маладзіцы любіць мужоў сваіх і дзеці свае,
каб настаўлялі маладых (жанчын): кахаць мужоў, любіць дзяцей,
Быць разумнымі, чыстымі, хатнімі работніцамі, добрымі, пакорнымі сваім собскім мужом, каб Слова Божае ня было блявузґана.
быць разважнымі, чыстымі, каб клапаціліся пра дом, былі добрымі, каб карыліся сваім мужом, (і ўсё дзеля таго), каб Слова Бога ня было зьняважаемым.
Таксама захочуй маладзёнаў быць разумнымі.
Юнакоў таксама ўгаворвай быць разважнымі.
У вусім паказуй самога сябе зразаю добрых учынкаў, у навуццы чысьціню, зважнасьць, непапсавальнасьць,
Ва ўсім сам будзь узорам добрых учынкаў: у навуцы — чысьціню, сьвятасьць, няпашкоджанасьць,
Слова здаровае, бязупічнае, каб праціўнік быў засаромлены, ня маючы нічога сказаць праз нас благога.
слова здаровае, бяззаганнае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра вас.
Нявольнікі маюць быць падданымі гаспадаром сваім у вусім, добра гадзіць, не перачыць,
Рабоў (настаўляй) быць паслухмянымі сваім гаспадаром ва ўсім і дагаджаць ім ня пярэчачы,
Не сабечыць, але ў вусім выказаваць добрую вернасьць, каб яны ў вусім прыбіралі навуку Спаса нашага Бога.
ня красьці, але праяўляць усю добрую вернасьць, каб яны ва ўсім аздаблялі вучэньне Збавіцеля вашага Бога.
Бо зьявілася ласка Божая, што спасае ўсіх людзёў,
Бо зьяўлена багадаць Бога, выратавальная для ўсіх людзей,
Што вуча нас, каб мы, адрокшыся нязбожнасьці і сьвецкіх жадлівасьцяў, жылі разумна а справядліва а набожна ў цяперашнім веку,
якая вучыць нас, каб адкінуўшы бязбожнасьць і сьвецкія пажадлівасьці, разважна, праведна і багабойна пражылі мы ў цяперашнім веку,
Чакаючы дабраславёнае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Спаса Ісуса Хрыста,
чакаючы шчасьлівай надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,
Каторы даў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усяго бяспраўя і ачысьціць Сабе люд собскі, рупатлівы да добрых учынкаў.
Які аддаў сябе за нас, каб адкупіць нас ад усялякага бяззаконьня і каб ачысьціць Сабе народ асаблівы, руплівы да добрых учынкаў.
Гэта кажы і захочуй і гань з усёй уладаю. Няхай ніхто ня мае цябе ўлегцы.
Гэтае кажы, угаворвай і дакарай з усёй уладаю, каб ніхто ня вывышаўся над табою.