Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад П. Татарыновіча
А ты кажы тое, што годзіцца да здаровае навукі:
Але ты навучай тое, што ёсьць згоднае з навукай здаровай:
Каб старыя былі цьвярозыя, зважныя, разумныя, здаровыя ў веры, у міласьці, у вытрываласьці;
каб старцы былі мяркоўнымі, дастойнымі, разважнымі, здаровымі ў веры, любасьці й цярплівасьці;
Каб старыя жанкі таксама былі набожнага паступку, не абмоўцы або не падняволеныя шмат якому віну, вучыцелкі дабра;
падобна й старэйшыя жанчыны, хай так носяцца, як прыстоіць сьвятым, ня чэрняць абмоваю, не квапяцца на віно, а даюць іншым добрыя рады,
Каб маглі вучыць маладзіцы любіць мужоў сваіх і дзеці свае,
наводзяць на розум малодшых, каб мужоў і дзяцей любілі,
Быць разумнымі, чыстымі, хатнімі работніцамі, добрымі, пакорнымі сваім собскім мужом, каб Слова Божае ня было блявузґана.
растропнымі былі, чыстымі, чэснымі, пакорлівымі мужом сваім, каб ня было даганы слову Божаму.
Таксама захочуй маладзёнаў быць разумнымі.
Моладзь таксама угаварвай да разважнасьці ва ўсім,
У вусім паказуй самога сябе зразаю добрых учынкаў, у навуццы чысьціню, зважнасьць, непапсавальнасьць,
даючы наўзор (прыклад) добрых учынкаў із сябе самога, існаправелнасьць і павагу ў навучанні,
Слова здаровае, бязупічнае, каб праціўнік быў засаромлены, ня маючы нічога сказаць праз нас благога.
слова чыстае, безагляднае, каб супраціўнік быў анясьмелены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
Нявольнікі маюць быць падданымі гаспадаром сваім у вусім, добра гадзіць, не перачыць,
Слугам рабом давай напамін хай будуць паслушнымі сваім гаспадаром бясспрэчна,
Не сабечыць, але ў вусім выказаваць добрую вернасьць, каб яны ў вусім прыбіралі навуку Спаса нашага Бога.
бяз прытворства, але зь вернасьцю, каб у-ва ўсім аздаблялі навучанне Збавіцеля нашага.
Бо зьявілася ласка Божая, што спасае ўсіх людзёў,
Явілася бо для ўсіх людзей збаўчая ласка Божая,
Што вуча нас, каб мы, адрокшыся нязбожнасьці і сьвецкіх жадлівасьцяў, жылі разумна а справядліва а набожна ў цяперашнім веку,
павучаючая нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці й дачасных захцеванак, разважна, справядліва й багабойна жылі на гэтым сьвеце,
Чакаючы дабраславёнае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Спаса Ісуса Хрыста,
чакаючы шчаснае надзеі й зьяўлення вялікага Бога й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,
Каторы даў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усяго бяспраўя і ачысьціць Сабе люд собскі, рупатлівы да добрых учынкаў.
Які выдаў за нас сябе самога, каб выкупіць нас ад усякага бяспраўя і прыдбаць сабе народ выбраны добраму дзелу шчыраадданы.
Гэта кажы і захочуй і гань з усёй уладаю. Няхай ніхто ня мае цябе ўлегцы.
Гэта вось кажы, угаварвай з поўнаўладным напамінам, не дапушчаючы лёгкаважання сябе.