Да Ціта 2 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Але ты навучай тое, што ёсьць згоднае з навукай здаровай:
 
А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню:

каб старцы былі мяркоўнымі, дастойнымі, разважнымі, здаровымі ў веры, любасьці й цярплівасьці;
 
каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці;

падобна й старэйшыя жанчыны, хай так носяцца, як прыстоіць сьвятым, ня чэрняць абмоваю, не квапяцца на віно, а даюць іншым добрыя рады,
 
каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму,

наводзяць на розум малодшых, каб мужоў і дзяцей любілі,
 
каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей,

растропнымі былі, чыстымі, чэснымі, пакорлівымі мужом сваім, каб ня было даганы слову Божаму.
 
былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае.

Моладзь таксама угаварвай да разважнасьці ва ўсім,
 
Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза,

даючы наўзор (прыклад) добрых учынкаў із сябе самога, існаправелнасьць і павагу ў навучанні,
 
у-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў, у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць,

слова чыстае, безагляднае, каб супраціўнік быў анясьмелены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
 
слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца, быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра нас.

Слугам рабом давай напамін хай будуць паслушнымі сваім гаспадаром бясспрэчна,
 
Слугаў [навучай] падпарадкоўвацца сваім уладарам, у-ва ўсім падабацца ім, не пярэчачы,

бяз прытворства, але зь вернасьцю, каб у-ва ўсім аздаблялі навучанне Збавіцеля нашага.
 
не прыхоўваючы сабе, але зьяўляючы ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі вучэньне Збаўцы нашага Бога.

Явілася бо для ўсіх людзей збаўчая ласка Божая,
 
Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей,

павучаючая нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці й дачасных захцеванак, разважна, справядліва й багабойна жылі на гэтым сьвеце,
 
якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку,

чакаючы шчаснае надзеі й зьяўлення вялікага Бога й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,
 
чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,

Які выдаў за нас сябе самога, каб выкупіць нас ад усякага бяспраўя і прыдбаць сабе народ выбраны добраму дзелу шчыраадданы.
 
Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы.

Гэта вось кажы, угаварвай з поўнаўладным напамінам, не дапушчаючы лёгкаважання сябе.
 
Гэтае кажы, упрошвай і дакарай з усякім загадам; няхай ніхто табою не пагарджае.