Да Ціта 2 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Але ты навучай тое, што ёсьць згоднае з навукай здаровай:
 
А ты гавары тое, што адпавядае здароваму вучэнню:

каб старцы былі мяркоўнымі, дастойнымі, разважнымі, здаровымі ў веры, любасьці й цярплівасьці;
 
каб стары́я мужчыны былі цвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, у любові, у цярплівасці;

падобна й старэйшыя жанчыны, хай так носяцца, як прыстоіць сьвятым, ня чэрняць абмоваю, не квапяцца на віно, а даюць іншым добрыя рады,
 
каб стары́я жанчыны таксама паводзілі сябе добрапрыстойна, не былі паклёпніцамі, не злоўжыва́лі віном, навуча́лі дабру,

наводзяць на розум малодшых, каб мужоў і дзяцей любілі,
 
каб настаўлялі маладзіц любіць мужоў, любіць дзяцей,

растропнымі былі, чыстымі, чэснымі, пакорлівымі мужом сваім, каб ня было даганы слову Божаму.
 
быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі, добрымі, пакорлівымі сваім мужам, каб слова Божае не зневажа́лася;

Моладзь таксама угаварвай да разважнасьці ва ўсім,
 
юнакоў таксама настаўляй быць разважлівымі.

даючы наўзор (прыклад) добрых учынкаў із сябе самога, існаправелнасьць і павагу ў навучанні,
 
Ва ўсім падавай сабою прыклад добрых спраў, у вучэнні — непару́шнасць, паважнасць, непашкоджанасць,

слова чыстае, безагляднае, каб супраціўнік быў анясьмелены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
 
слова здаровае, бездакорнае, каб супраціўнік быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога кепскага.

Слугам рабом давай напамін хай будуць паслушнымі сваім гаспадаром бясспрэчна,
 
Рабоў настаўляй падпарадкоўвацца сваім гаспадарам, ва ўсім дагаджаць, не пярэчыць,

бяз прытворства, але зь вернасьцю, каб у-ва ўсім аздаблялі навучанне Збавіцеля нашага.
 
не красці, а праяўляць усю добрую вернасць, каб яны ва ўсім былі ўкра́саю вучэння Спасіцеля нашага Бога.

Явілася бо для ўсіх людзей збаўчая ласка Божая,
 
Бо з’явілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людзей,

павучаючая нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці й дачасных захцеванак, разважна, справядліва й багабойна жылі на гэтым сьвеце,
 
якая навуча́е нас, каб мы, адмовіўшыся ад бязбожнасці і ад пажаднасцей свету гэтага, жылі ў гэтым ве́ку разва́жліва, пра́ведна і набо́жна,

чакаючы шчаснае надзеі й зьяўлення вялікага Бога й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса,
 
чакаючы здзяйснення блажэннай надзеі і яўлення славы вялікага Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста,

Які выдаў за нас сябе самога, каб выкупіць нас ад усякага бяспраўя і прыдбаць сабе народ выбраны добраму дзелу шчыраадданы.
 
Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас з палону ўсякага беззаконня і ачысціць для Сябе народ, які б нале́жаў выклю́чна Яму і быў руплівы ў добрых справах.

Гэта вось кажы, угаварвай з поўнаўладным напамінам, не дапушчаючы лёгкаважання сябе.
 
Гэта гавары, і настаўляй, і выкрывай з усёю ўладаю; няхай ніхто не пагарджае табою.