1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Вы самі ведаеце, браты, што нашае прыйсьцё да вас ня было дарэмнае;
 

але пасьля цяжкіх натугаў і зьняваг, як ведаеце, ў Філіпах, мы зьверыўшыся на Бога нашага, ўзяліся ў вас вясьціць Эванэлію Божую зь вялікай турботай.
 

Бо навучанне нашае ня выплывала з памылкі, нячыстага похапу, ані з хітрунства,
 

але як Бог прызнаў нас годнымі, каб нам была даверана Эванэлія, дык мы й гаворым, дагаджаючы не людзям, але Богу, дасьледжваючаму сэрцы нашы.
 

Ніколі бо ня было ў нас ласьлівых слоў, як ведаеце, ані думкі карысьлівасьці: Бог сьветкам.
 

Ня шукалі мы славы ані ў людзей, ані ў вас, ані ў іншых, хоць маглі быць у паважанні, як Апосталы Хрыстуса.
 

Але былі мы сярод вас ціхімі й ласкавымі, як пястунка утуляючая дзеці свае,
 

гэтак і мы рупіліся аб вас, пажадаючы перадаць вам ня толькі Эванэлію Божую, але й душы нашыя — гэткімі дарагімі вы нам сталіся.
 

Хібаж памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: высіляючыся на рабоце днём і ноччу, каб ня быць каму з вас цяжарам, мы вясьцілі вам Эванэлію Божую.
 

Бог і вы самі сьветкамі, як сьвята, праведна і беззаганна паступалі мы перад вамі веручымі;
 

саміж ведаеце, як мы кожнага з вас, моў бацька сваіх дзяцей,
 

пацяшалі, пераконвалі і ўмалялі, каб вы дастойна паступалі перад Богам, які паклікаў вас да свайго валадарства і славы.
 

Таму й мы нясупынна дзякуем Богу, што вы пачуўшы ад нас Божае слова, прынялі яго не як слова чалавечае, а (як ёсьць у сапраўднасьці), слова Божае, што і дзее ў вас веручых.
 

Вы бо, браты, сталіся насьлядоўнікамі Божых эклезіяў, гуртуючыхся ў Езусе Хрыстусе у Юдэі, бо і вы таксама цярпелі ад сваіх сородзічаў, як тые ад Юдэеў,
 

якіе й Езуса Усеспадара забілі, і сваіх прарокаў, ды нас павыганялі, як Богу, так і ўсім людзям нямілые й супраціўные,
 

забараняючыя нам навучаць народы, каб збавіліся; і гэтак нясупынна дапаўняюць меру грахоў сваіх; але набліжаецца на іх Божы гнеў да канца.
 

А мы, браты, асамочаные вамі на кароткі час бачна, не сэрцам, тым болей стараліся пабачыцца навочна з вамі.
 

Таму хацелі мы прыйсьці да вас — асабліва я, Павал, раз і другі — але шатан перашкодзіў нам.
 

Хто бо надзея наша, ці радасьць, ці вянец хвалы, як ня вы перад Усеспадарам нашым Езусам Хрыстусам на дзень прыйсьця Ягонага!?
 

Іставетна-вы нашая хвала і радасьць!