Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага.
Абрагам спарадзіў Ізаака, Ізаак спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Юду й братоў ягоных.
Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, а ад Ісаака нарадзіўся Якаў, ад Якава ж нарадзіўся Іуда і яго браты;
Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары. Фарэс спарадзіў Эзрона, Эзрон спарадзіў Арама.
Ад Іуды ж нарадзіліся Фарэс і Зара, якіх спарадзіла Фамар, а ад Фарэса нарадзіўся Эсром, ад Эсрома ж нарадзіўся Арам;
Арам спарадзіў Амінадаба. Амінадаб-жа спарадзіў Наасона. Наасон спарадзіў Сальмона.
Ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, а ад Амінадава нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон;
Сальмон-жа спарадзіў Бооза ад Рагабы. А Бооз спарадзіў Обэд ад Рут.
Ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз, якога спарадзіла Рахава, а ад Ваоза нарадзіўся Авід, якога спарадзіла Руф, ад Авіда ж нарадзіўся Ясей;
Обэд спарадзіў Ессэ. А Ессэ спарадзіў Давіда караля. Давід-жа кароль спарадзіў Салямона з тае, што была Урыявай.
Ад Ясея ж нарадзіўся цар Давід, а ад цара Давіда нарадзіўся Саламон, якога спарадзіла былая Урыева жонка;
Салямон спарадзіў Робоама. Робоам спарадзіў Абію. Абія спарадзіў Асу.
Ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, а ад Раваама нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса;
Аса-ж спарадзіў Ёзафата. Ёзафат спарадзіў Ёрама. А Ёрам спарадзіў Озію.
Ад Асы ж нарадзіўся Ясафат, а ад Ясафата нарадзіўся Ярам, ад Ярама ж нарадзіўся Азія;
Озія спарадзіў Ёатама. А Ёатам спарадзіў Ахаза. Ахаз-жа спарадзіў Эзэхію.
Ад Азіі ж нарадзіўся Яафам, а ад Яафама нарадзіўся Ахаз, ад Ахаза ж нарадзіўся Езекія;
Эзэхія спарадзіў Манассэса. А Манассэс спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Ёзію.
Ад Езекіі ж нарадзіўся Манасія, а ад Манасіі нарадзіўся Амон, ад Амона ж нарадзіўся Іасія;
А Ёзія спарадзіў Ехонія і братоў ягоных перад перамяшчэннем у Бабілён.
Ад Іасіі ж нарадзіўся Якім, а ад Якіма нарадзіліся Еханія і яго браты, пад час вавілонскага высялення;
А пасьля перамяшчэння ў Бабілён Ехоні спарадзіў Салятіэля. Салятіэль-жа нарадзіў Зарабабэля.
Пасля ж вавілонскага высялення ад Еханіі нарадзіўся Салафііль, а ад Салафііля нарадзіўся Зарававель;
А Зарабабэль спарадзіў Абіюда. Абіюд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора.
Ад Зарававеля ж нарадзіўся Авіуд, а ад Авіуда нарадзіўся Еліякім, ад Еліякіма ж нарадзіўся Азор;
Азор спарадзіў Садока. А Садок спарадзіў Ахіма. Ахім спарадзіў Эліуда.
Ад Азора ж нарадзіўся Садок, а ад Садока нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Еліуд;
Эліуд спарадзіў Элеазара. Элеазар спарадзіў Матгана. А Матган спарадзіў Якуба.
Ад Еліуда ж нарадзіўся Елеазар, а ад Елеазара нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Якаў;
Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з якое нарадзіўся Езус, што называецца Хрыстус.
Ад Якава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, названы Хрыстос.
Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць. І ад Давіда да перамяшчэння Бабілёнскага радоў чатырнаццаць. І ад перамяшчэння ў Бабілён да Хрыстуса радоў чатырнаццаць.
Значыць, усіх пакаленняў ад Аўраама аж да Давіда, — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда аж да вавілонскага высялення, — чатырнаццаць пакаленняў, і ад вавілонскага высялення аж да Хрыста, — чатырнаццаць пакаленняў.
А з нарадзінамі Хрыста было гэтак: Па заручынах Маці Ягонай Марыі з Язэпам, перад тым як сышліся, выявілася, што яна ўжэ мела ў сабе з Духа Святога.
Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым сышліся яны, выявілася, што яна мае ў лоне ад Святога Духа.
Язэп-жа, ейны муж, быў чэсным, і ня хочучы яе знеслаўляць, маніўся сэкрэтна пакінуць яе.
Іосіф жа, Яе муж, быўшы справядлівым і не хацеўшы зняславіць Яе, намерыўся ўпотай адпусціць Яе.
Адыж яктолькі гэта падумаў, вось анел Божы з’явіўся, яму ўва сьне й сказаў: Язэпе, сыне Давідавы, ня бойся прыняць Марыю, тваю сужэнку, гэны бо засьнітак у ёй ёсьць з Духа Святога.
Калі ж ён падумаў гэта, вось прыйшоў у сне да яго Анёл Гасподні, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыняць Марыю, сваю жонку; бо зароджанае ў ёй ёсць ад Святога Духа.
Вось-жа народзіць сына, і дасі імя яму Езус, ён бо збавіць людзей сваіх ад грахоў іхніх.
Народзіць жа Яна Сына, і дасі Яму імя: Ісус; бо Ён збавіць Свой народ ад яго грахоў.
А ўсё гэта здарылася, каб збылося Госпадам сказанае праз прарока гаворачага:
А ўсё гэта сталася, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
«Вось дзяўчо меціме ў нутры сваім і народзіць сына, і дадуць імя яму Эммануэль» гэта знача: Бог з намі (Із. 7:14).
«Вось Дзяўчына зачне ў лоне і народзіць сына, і дадуць імя Яму Эмануіл, што ў перакладзе азначае: з намі Бог».
Устаўшы зо сну Язэп зрабіў як загадаў яму анел Божы, і прыняў сваю сужэнку.
Іосіф жа, збудзіўшыся ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і прыняў ён жонку сваю;
І не пазнаваў яе дакуль не нарадзіла сына свайго першароднага, і даў імя яму: Езус.
Ды не збліжаўся з Ёю, аж пакуль нарадзіла Яна Свайго Сына першароднага; і ён даў імя Яму: Ісус.