Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню, каб д’ябал выпрабаваў Яго.
А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.
I, прапасціўшыся сорак дзён і сорак начэй, нарэшце адчуў голад.
І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.
I, падступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: калі Ты Божы Сын, скажы, каб гэтае каменне зрабілася хлябамі.
Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
А Ён у адказ сказаў: напісана: «не аб хлебе адным будзе жыць чалавек, але аб кожным слове, што зыходзіць з Божых вуснаў».
Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,
Тады бярэ Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на крыле святыні,
ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).
I кажа Яму: калі Ты Божы Сын, кінься ўніз; бо напісана: «Сваім Анёлам даручыць Ён Цябе» і «на руках панясуць Цябе, каб аб камень выпадкам не спатыкнуў Ты свае нагі».
Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).
Ісус сказаў яму: напісана яшчэ: «не выпрабоўвай Госпада Бога свайго».
Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю
Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі вы сокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.
I кажа Яму: гэта ўсё дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне.
Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
Тады кажа яму Ісус: адыдзі, сатана! бо напісана: «Госпаду Богу свайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць».
Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.
Тады д’ябал пакідае Яго; і вось Анёлы прыступілі і служылі Яму.
Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
А Ісус, пачуўшы, што Іаан зняволены, адышоў у Галілею.
і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,
I, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, на памежжы Завулона і Нефаліма;
каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):
Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа:
«Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!
«Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, па той бок Іярдана, Галілея язычнікаў!
Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».
Народ, што сядзеў у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне смяротнага ценю, узышло святло».
З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.
З таго часу пачаў Ісус навучаць і казаць: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае!
А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі
Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімона, названага Пятром, і яго брата Андрэя, што закідвалі сетку ў мора: былі ж яны рыбаловы;
і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.
I кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
I адтуль, ідучы далей, убачыў Ён іншых двух братоў: Якава Зеведзеева і яго брата Іаана ў чаўне з Зеведзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі; і заклікаў іх.
А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.
Яны адразу ж, пакінуўшы човен і свайго бацьку, пайшлі за ім.
І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
I хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы іх у сінагогах і абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач у народзе.
І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.
I разышлася вестка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі ад розных хвароб і пакут, і апантаных, і лунатыкаў, і спаралізаваных; і Ён вылечваў іх.
І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.
I ішлі за ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дзесяцігарадоўя, і з Іудзеі, і з Заіярдання.