Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
А ў гэныя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель, навучаючы ў пустэльні Іудзейскай
і кажучы: Пакутуйце, бо наблізілася валадарства нябеснае.
I кажучы: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае.
Гэта бо той, аб якім гаварыў прарок Ізай (40:3) кажучы: «Голас клічучага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Усеспадара, прастуйце сцежкі Ягоны».
Гэта ж пра яго сказана праз Ісаю, прарока, які кажа: «Вокліч прапаведніка ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго».
Сам-жа Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсці й раменны пояс на сваёй паясніцы, а ядою ягонай была жамяра і лясны мёд.
Сам жа Іаан меў на сабе вопратку з вярблюджай воўны і скураны пояс на паясніцы сваёй; спажывай яго былі саранча ды дзікі мёд.
Тады выйходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану,
Тады выходзіў да яго Іерусалім, і ўся Іудзея, і ўсё Над’іярданне;
і хрысціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
I хрысціліся ад яго ў Іярдане, вызнаючы свае грахі.
А бачачы многа фарызэяў і садуцэяў, якія йшлі да яго хрысціцца, казаў ім: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу?
Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, казаў ім: гадзючыя выпладкі, хто падвучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Чынеце-ж плод дастойны пакуты.
Вось стварыце годны плод пакаяння;
І ня важцяся гаварыць самы ў сабе: «Айца маем Абрагама», бо кажу вам, Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму.
Ды не думайце казаць самі сабе: «бацька ў нас Аўраам»; бо кажу вам, што Бог можа з гэтага камення стварыць сыноў Аўрааму.
Бо ўжэ й сякера да карэння дрэваў прыложана: дык кожная дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сцята й кінута ў вагонь.
Бо ўжо і сякера прыкладзена да кораня дрэў: кожнае ж дрэва, што добрага плоду не родзіць, будзе высечана і ўкінута ў агонь.
Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, што па мне прыйдзе, дужэйшы за мяне і я ня варт нясці абутак ягоны. Ён вас хрысціціме ў Духу Святым ды ў вагні.
Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне: я не годны панесці Яго сандаляў; Ён вас ахрысціць у Святым Духу і агні;
Веялка яго ў руцэ ягонай і ачысціць свой ток, і збярэ пшаніцу сваю ў сверан, а мякіну спаліць агнём няўгасным.
Яго веялка ў руцэ Яго, і Ён пільна перачысціць Свой ток і збярэ Сваю пшаніцу ў засек, а мякіну спаліць у незгасальным агні.
Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб у яго хрысціцца.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іярдан да Іаана, — хрысціцца ад яго.
Адыж Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш ка мне?
А Іаан запярэчыў Яму, кажучы: я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?
Але Езус сказаў яму ў вадказ: Пакінь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасць. Тады дапусціў яго.
Ісус жа, адказваючы, сказаў яму: дазволь якраз цяпер; бо гэтак належыць нам выконваць усё, што справядлівае. Тады ён уступіў Яму.
І ахрышчаны Езус зараз-жа выйшаў з вады — і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, які спускаўся, бы голуб, і зыходзіў на яго.
I, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Духа Божага, што сыходзіў, нібы голуб, і спускаўся на яго;
А вось голас з неба гаворачы: Гэта сын мой мілы, ў якім маю ўпадобу.
I вось голас з нябёсаў кажа: гэта Мой Сын улюбёны, якому Я спрыяю.