Якава 1 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
 

Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
 

ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
 

а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
 

І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
 

Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
 

Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
 

Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
 

Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
 

а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
 

узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
 

Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
 

Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
 

Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
 

Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
 

Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
 

ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
 

з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
 

Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
 

Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
 

Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
 

Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
 

Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
 

ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
 

А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
 

Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
 

Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.