Антыёх жа падумаў, што ім пагарджаюць, і ў гэтых словах падазраваў знявагу, калі самага маладзейшага, які яшчэ заставаўся, угаворваў не толькі словамі, але і клятвай сцвярджаў, што, калі ён адвернецца ад бацькоўскіх законаў, зробіць яго багатым і шчаслівым, і нават будзе мець яго прыяцелем ды даручыць яму пачэсную службу.
І яны прыйшлі да яе. І яна кажа ім: «Паслухайце мяне, кіраўнікі пражываючых у Бэтуліі! Бо няправільнае слова ваша, якое выказалі вы перад людзьмі ў той дзень і пакляліся клятвай гэтаю, якую выказалі між Богам і вамі, і вы казалі, што аддасце горад нашым ворагам, калі за тыя дні не дасць нам дапамогі Госпад, Бог наш.