Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 8 Кніга Юдыт 8 разьдзел

1 І ў той час у горадзе прабывала Юдыт, дачка Мэрары, сына Окса, сына Язэпа, сына Азіэля, сына Хэльцыі, сына Ананіі Гедэона, сына Рэфаіна, сына Ахітоба, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Саламіэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля.
2 І муж яе Манаса быў з яе пакалення ды з яе роду; і памёр у час жніва ячменю.
3 Стаяў бо ён пры тых, што вяжуць снапы на полі, ды сонца паразіла яму галаву, і ён упаў на ложак і памёр у Бэтуліі, сваім горадзе. І пахавалі яго на полі пры бацьках між Датайнам і Баламонам.
4 І Юдыт заставалася ў доме сваім удавой тры гады і чатыры месяцы.
5 І на даху дома свайго зрабіла яна сабе палатку, і наклала сабе на сцёгны зрэбніцу, і яна адзявалася ў адзенне ўдаўства свайго,
6 і посціла ўсе дні свайго ўдаўства, апрача дзён перад суботамі і саміх субот, і пярэдадней маладзікоў, і ў час маладзікоў, акрамя ўрачыстасцей і радасных дзён дому Ізраэля.
7 І была яна прывабная на від і вельмі прыгожая абліччам, і разважлівая сэрцам, і добрая душою, і дастойная вельмі; муж бо яе Манаса, сын Язэпа, сына Ахітоба, сына Мэлхісуа, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля, пакінуў ёй па сабе золата і срэбра, паслугачоў і паслугачак, і жывёлу, і маёмасць; і яна гаспадарыла гэтым;
8 і ніхто яе не мог упікнуць словам благім, бо надта баялася Бога.
9 І пачула яна злосныя словы народа супраць кіраўніка, бо падалі духам дзеля нястачы вады. І пачула Юдыт усе словы, якімі прамаўляў да іх Осія, як прысягнуў ім, што па пяці днях аддасць горад асірыйцам.
10 І, паслаўшы сваю паслугачку, якая была загадчыцай усёй маёмасці яе, паклікала яна Осію, і Хабрына, і Харміна, — старэйшын свайго горада.
11 І яны прыйшлі да яе. І яна кажа ім: «Паслухайце мяне, кіраўнікі пражываючых у Бэтуліі! Бо няправільнае слова ваша, якое выказалі вы перад людзьмі ў той дзень і пакляліся клятвай гэтаю, якую выказалі між Богам і вамі, і вы казалі, што аддасце горад нашым ворагам, калі за тыя дні не дасць нам дапамогі Госпад, Бог наш.
12 І кім вы з’яўляецеся сёння, што спакушаеце Бога ў сённяшні дзень і што становіцеся за Бога сярод сыноў чалавечых?
13 І вы цяпер выпрабоўваеце Госпада Усемагутнага ды нічога не зразумееце аж павек.
14 Таму што не даследуеце глыбіні сэрца чалавечага ані прасочыце думкі яго розуму, дык як вы даследуеце Бога, Які стварыў усё гэта, і як пазнаеце Яго розум ды як прасочыце намеры Яго? Дарэчы, браты, не гнявіце Госпада, Бога нашага,
15 бо, калі не захоча дапамагчы нам у гэтыя пяць дзён, мае Ён моц, у якія дні захоча, абараніць або загубіць нас на віду ворагаў нашых.
16 А вы не вымушайце рашэнняў ад Госпада, Бога нашага, бо Бог — гэта не чалавек, каб палохаць Яго пагрозамі, і не сын чалавечы, каб Яго судзіць.
17 Дзеля таго, каб атрымаць збаўленне ад Яго, прызавём Яго на дапамогу сабе, і Ён выслухае прызыванне наша, калі Яму гэта спадабаецца.
18 Таму што не з’явіўся ў родзе нашым, і няма ў цяперашні час аніводнага пакалення, ані роду, ані пасялення, ані горада ў нас, якія б пакланяліся багам, зробленым рукамі, так як гэта бывала ў даўнія часы,
19 за што бацькі нашы былі аддадзены пад меч і на здабычу ды падалі ў вялікім паражэнні на віду нашых ворагаў.
20 Мы ж не ведаем іншага Бога, апрача Таго, на Якога спадзяёмся, што не адцураецца ад нас ды не спыніць збаўлення Свайго нашаму народу.
21 Дарэчы, калі мы патрапім у няволю, то патрапіць таксама ўся Юдэя, і святыні нашы будуць абрабаваны, і Бог за сплягаванне іх зажадае крыві нашай,
22 і смерць нашых братоў, і паланенне зямлі ды спусташэнне спадчыны нашай зваліць на галовы нашы пасярод народаў, якімі будзем зняволены. І будзем на згаршэнне і ў ганьбу тым, што намі авалодаюць,
23 бо няволя наша не паслужыць на пашану, але Госпад, Бог наш, накіруе яе на ганьбу.
24 Ды цяпер, браты, пакажам нашым братам, што ад нас залежыць жыццё іх і ўсё, што святое: і дом, і ахвярнік — абапіраюцца на нас.
25 Таму дзеля ўсяго гэтага ўсякую падзяку складаем Госпаду, Богу нашаму, Які нас, як і бацькоў нашых, выпрабоўвае.
26 Прыпомніце, што Ён зрабіў з Абрагамам і з Ізаакам ды што спаткала Якуба ў Месапатаміі Сірыйскай, калі пасвіў авечак Лабана, брата сваёй маці.
27 Бо не спаліў іх для выпрабавання сэрцаў іх, як і нам не адпомсціў, але для напаміну адхвастаў Госпад тых, што набліжаюцца да Яго».
28 І сказаў ёй Осія: «Усё, што сказала ты, з добрага сэрца сказала, дый таго няма, хто б мог працівіцца тваім словам,
29 бо не ад сённяшняга дня выяўляецца мудрасць твая, але ад пачатку дзён тваіх увесь народ ведае пра розум твой, бо добрыя ёсць намеры сэрца твайго.
30 Але народ адчувае вялікую смагу, і змусілі нас чыніць тое, што мы ім прыраклі, і наклалі на нас прысягу, якую не можам адклікаць.
31 І цяпер маліся за нас, і, можа, цябе выслухае Бог наш, бо ты святая жанчына, і пашле Госпад дождж, каб запоўніць нашы вадаёмы, і ўжо не будзем млець».
32 І сказала ім Юдыт: «Паслухайце мяне, і я зраблю справу разважліва, гэта пяройдзе з пакалення ў пакаленне нашчадкам роду нашага.
33 У гэту бо ноч вы станеце пры браме, і я з паслугачкай сваёй выйду, і ў днях, па якіх паабяцалі вы выдаць горад ворагам нашым, Госпад праз маю руку наведае Ізраэль, як я веру.
34 Вы ж не цікаўцеся маім учынкам; бо я не выяўлю вам, пакуль тое не здзейсніцца, што я раблю».
35 І Осія і князі сказалі ёй: «Ідзі ў супакоі, і хай Госпад Бог будзе перад табой, каб учыніць помсту непрыяцелям нашым».
36 Ды, пакінуўшы палатку яе, адышлі на свае становішчы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017