Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 3 Кніга Юдыт 3 разьдзел

1 Дык паслалі да яго вестуноў, якія прамовілі да яго ў супакоі:
2 «Вось, мы з’яўляемся паслугачамі вялікага цара Набукаданосара — стаім перад табою; карыстайся намі, як табе падабаецца.
3 Вось, перад табою стаяць нашы пасяленні, і кожнае месца наша, і ўсе палі пшаніцы, і авечкі, і жывёла, і ўсе хлявы жывёлы нашай; карыстайся, як табе падабаецца.
4 Вось, і гарады нашы, і іх жахыры — яны паслугачы твае; прыйдзі і распарадзіся імі так, як у вачах тваіх здаецца добрым».
5 І прыйшлі людзі да Галафэрна, і перадалі яму гэтыя словы.
6 І спусціўся на ўзбярэжжа ён і яго войска, і пільнаваў узвышнія гарады, і ўзяў з іх адборных людзей на дапамогу.
7 І яны, і ўсе іх наваколлі прынялі яго з вянкамі, і са скокамі, і з тымпанамі.
8 І ён разбурыў усе іх уладанні, і высек іх святыя гаі, і па загадзе вынішчыў усіх багоў зямлі так, каб усе народы служылі аднаму толькі Набукаданосару і каб усе мовы і ўсе плямёны іх называлі яго богам.
9 І так дабраўся да Ездралона непадалёк ад Датайна, што знаходзіцца насупраць вялікага спуску юдэйскага,
10 і стаў лагерам між Габаю і горадам скіфаў. І прабыў там з месяц, каб сабраць усё неабходнае для свайго войска.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017