Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 4 Кніга Юдыт 4 разьдзел

1 І сыны Ізраэля, што пражывалі ў Юдэі, пачулі пра ўсё, што зрабіў народам Галафэрн, кіраўнік войска Набукаданосара, цара асірыйцаў, і як абрабаваў усе храмы іх і выдаў іх на знішчэнне.
2 І надта баяліся яго, за Ерузалім, за святыню Госпада, Бога свайго, надта непакоіліся,
3 бо нядаўна вярнуліся з няволі, ды нядаўна ўвесь народ пасяліўся ў Юдэі, і былі асвячоныя пасля спаганення пасудзіны, і ахвярнік, і святыня.
4 Ды паслалі ва ўсе канцы Самарыі вестуноў, і ў вёскі, і ў Бэтарон, і ў Абэлмайн, і ў Ерыхон, і ў Хобу, і ў Айсору, і ў даліну Салем.
5 І занялі ўсе вяршыні высокіх гор, і акружылі мурамі вёскі, што былі ў іх, і прыгатавалі забеспячэнне на выпадак вайны, бо нядаўна былі пажаты іх палі.
6 І вялікі святар Ёакім, які ў тыя дні быў у Ерузаліме, напісаў ліст жыхарам Бэтуліі і Бэтамэстая, што знаходзяцца над спускам насупраць Ездралона перад раўнінай каля Датайна,
7 загадваючы ім заняць праходы горныя, бо тут праходзіла дарога ў Юдэю і лёгка было ўтрымаць іх у час нашэсця, бо пераход быў вузкі нават для двух чалавек.
8 І зрабілі сыны Ізраэля, як загадаў ім вялікі святар Ёакім, які пражываў у Ерузаліме, ды старэйшыны ўсяго ізраэльскага народа.
9 Дый залямантаваў увесь Ізраэль да Бога з вялікаю настойлівасцю, і ўпакорылі душы свае вялікім постам;
10 самі яны, і іх жонкі, і іх дзеці, і іх жывёла, і кожны чужынец ды гандляр, і куплены за іх срэбра нявольнік усклалі на клубы свае зрэбніцы.
11 І ўсе мужчыны Ізраэля, і жанчыны, і дзеці, што пражывалі ў Ерузаліме, упалі перад уваходам у святыню і пасыпалі сабе галовы попелам ды паклалі зрэбніцы свае перад уваходам у святыню Госпадаву.
12 І ахвярнік абцягнулі зрэбніцай, і прызывалі Бога Ізраэля адзінадушна і безупынна, каб не аддаў дзяцей іх на рабаванне, і жанчын на здабычу, і гарады спадчыны іх на вынішчэнне, і святыні — на апаганенне і пасмяянне на радасць паганам.
13 І выслухаў Госпад прызыванне іх і пабачыў гора іх; ды посціў народ многія дні ва ўсёй Юдэі і Ерузаліме, і ўпалі яны перад уваходам у святыню Усемагутнага Госпада.
14 І вялікі святар Ёакім з усімі святарамі, стоячы ў прысутнасці Госпада і служачы Госпаду, падпяразаўшы сцёгны свае зрэбніцамі, складалі ахвяры цэласпалення безупынна, і прырачэнні, і добраахвотныя дары народа.
15 І на кідарах іх быў попел, ды прызывалі Госпада з усёй моцай, каб на дабро наведаў увесь дом Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017