Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 12 Кніга Юдыт 12 разьдзел

1 І загадаў завесці яе туды, дзе расстаўлялі яго срэбраныя пасудзіны. Ды казаў ёй узлегчы, і загадаў даць ёй есці са сваіх страў і піць віно сваё.
2 І Юдыт сказала: «Не буду есці гэтага, каб не было мне згаршэння, але з таго, што я прынесла, хай пададуць мне».
3 І адказаў ёй Галафэрн: «Калі ж не хопіць табе таго, што прынесла, дык адкуль возьмем і пададзім табе падобныя тым стравы? Няма бо з намі чалавека з роду твайго, які б меў падобнае».
4 І Юдыт сказала яму: «Няхай жыве гаспадар мой, бо нявольніца твая не з’есць таго, што з сабой узяла, як Госпад рукой маёй споўніць тое, што Ён рашыў».
5 І адвялі яе паслугачы Галафэрна ў палатку, і спала яна да поўначы. І ўстала перад ранняю вартай, і паслала
6 да Галафэрна, кажучы: «Хай загадае гаспадар мой зараз выпусціць нявольніцу сваю пайсці памаліцца».
7 Ды загадаў Галафэрн вартаўнікам сваім не забараняць ёй выйсці. І прабывала яна ў лагеры тры дні. І ноччу выходзіла ў даліну каля Бэтуліі і абмывалася ў воднай крыніцы.
8 І, вярнуўшыся, маліла Госпада, Бога Ізраэля, каб пакіраваў яе дарогаю на ўзвышэнне народа Свайго.
9 І, вярнуўшыся чыстай, прабывала ў палатцы да таго часу, калі вечарам прыносілі ёй уласную ежу.
10 І сталася, што на чацвёрты дзень Галафэрн справіў застолле толькі для сваіх паслугачоў і не запрасіў на застолле нікога з тых, хто быў на службе.
11 І сказаў ён еўнуху Багоі, які быў загадчыкам над усёй маёмасцю яго: «Ідзі і пераканай жанчыну гебрайку, што ў цябе, каб прыйшла да нас і ела і піла з намі.
12 Бо, вось, ганьба нам, каб мы такую жанчыну пусцілі, не пагаварыўшы з ёю, бо яна пасмяецца з нас, калі мы яе не запросім».
13 Ды выйшаў Багоя ад Галафэрна, і пайшоў да яе, і сказаў ёй: «Было б прыемна, калі б гэтая добрая дзяўчына прыйшла да майго гаспадара, каб уславіць яго, і піць з намі віно на ўвесяленне, і быць у сённяшні дзень узвышаемаю, як адна з дачок магнатаў Асірыі, прабываючых у доме Набукаданосара».
14 І сказала яму Юдыт: «І хто я такая, каб працівілася гаспадару майму? Усё бо, што будзе найлепшым у вачах яго, учыню, паспяшаючы, і будзе гэта для мяне радасцю аж да дня маёй смерці».
15 І ўстала, убралася пышна ў свае шаты і ва ўсякія жаночыя ўпрыгожанні, і апярэджвала яе паслугачка, і разаслала для яе перад Галафэрнам на зямлі дываны, якія атрымала яна ад Багоі на штодзённы ўжытак, каб есці, на іх узлягаючы.
16 І, увайшоўшы, Юдыт узлягла. Ды захапіўся Галафэрн у сэрцы сваім яе выглядам, і ўсхвалявалася душа яго, і пажадаў надта ляжаць з ёю; і ад дня, калі ўбачыў яе, шукаў магчымасці яе звесці.
17 І прамовіў да яе Галафэрн: «Пі цяпер з намі і весяліся разам».
18 І Юдыт адказала яму: «Вып’ю, гаспадару, бо ніколі ад дня майго нараджэння жыццё маё не мела такога гонару, як сёння».
19 Ды ўзяла, што ёй прыгатавала нявольніца, ела і піла ў яго прысутнасці.
20 І Галафэрн захапляўся ёю, і піў многа віна, ды столькі, што ніколі ў адзін дзень столькі не выпіваў ад сваіх народзін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017