Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 9 Кніга Юдыт 9 разьдзел

1 Юдыт жа ўпала на твар свой, і пасыпала попелам галаву сабе, і раздзерла туніку сваю, і скінула з сябе зрэбніцу, у якую была апранута; і ў той час, калі ў Ерузаліме вечарам у доме Божым складалі ахвяру цэласпалення, Юдыт моцным голасам да Госпада малілася
2 і сказала: «Госпадзе, Божа бацькі майго Сімяона, якому ў руку даў Ты меч на помсту чужынцам, якія развязалі пояс дзявочы для апаганення, ды агалілі сцёгны для ганьбы, ды абняславілі ўлонне для знявагі. Ты бо сказаў: “Так не будзе!”, а яны зрабілі.
3 За іх выдаў ты князёў іх на забіццё, і іх пасцель, якая пачырванела дзеля іх ашуканства, зведзеная ў кроў, і паразіў нявольнікаў разам з князямі, а князёў з іх пасадамі.
4 І жонак іх выдаў Ты на здабычу, і дачок — у няволю, і ўсю іх маёмасць — на падзел між улюбёнымі Табою сынамі, якія рупіліся руплівасцю Тваёю і мелі ў нянавісці апаганенне сваёй крыві, дый прызывалі Цябе на дапамогу. Божа, Божа мой, выслухай мяне, удаву.
5 Ты бо стварыў ранейшае за гэта і гэта; і тое, што раней, і тое, што зараз, і тое, што будзе; Ты задумаў — і сталася, што задумаў.
6 І з’явілася тое, чаго захацеў, і сказала: “Вось, я тут”. Усе бо дарогі Твае гатовыя, і стварэнне Тваё [Табою] прадбачана.
7 Бо, вось, асірыйцы зрабіліся дужымі дзеля войска свайго, і ўбіліся ў пыху дзеля сваіх коней і коннікаў, выхваляліся дзеля пляча пешых, усклалі надзею на шчыты і дзіды і на лукі і прашчы, і не пазналі, што Ты — Госпад, Які рашае войны;
8 Госпад — імя Тваё. Сатры сілы іх, вечны Божа, сатры вялікую моц іх Сваёю сілаю і адвядзі моц іх гневам Сваім. Захацелі бо яны апаганіць святыню Тваю, зганьбаваць палатку супачывання імя велічы Тваёй ды жалезам адбіць рог ахвярніка Твайго.
9 Зірні на іх пыхлівасць, спусці гнеў Свой на іх галовы; дай руцэ маёй, удовінай, сілу, каб здзейсніць, што задумала.
10 І паразі нявольніка з вуснаў падману майго разам з валадаром і валадара разам з нявольнікам яго; знішчы іх пыху рукой удавы.
11 Бо не ў мностве Твая моц, і ўладанне Тваё не залежыць ад дужых, але Ты — Бог пакорлівых і Успаможца прыгнечаных, Апякун кволых, Абаронца адрынутых, Збаўца знявераных.
12 Затым, затым, Божа бацькі майго і Божа спадчыны Ізраэля, Валадару неба і зямлі, Творца водаў, Цар усяго стварэння Свайго, выслухай маленне маё
13 і дай мне мову, і перакананне, каб скалечыла і параніла тых, што задумалі страшнае супраць прымірэння Твайго, і супраць святога дома Твайго, і гары Сіёна, ды дому, які належыць сынам Тваім.
14 І пераканай увесь народ Твой, і кожнае пакаленне, каб пазналі, што Ты ёсць Бог над усім уладаннем, Усемагутны, і няма іншага Абаронцы народа Ізраэля, апрача Цябе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017