Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 10 Кніга Юдыт 10 разьдзел

1 І сталася, калі перастала прызываць Бога Ізраэля і закончыла ўсе гэтыя словы,
2 паднялася з прыгнёту свайго, і паклікала сваю паслугачку, ды пайшла ў свой дом, дзе прабывала ў суботы і святочныя дні свае.
3 І зняла зрэбніцу, у якую была апранута, і зняла з сябе адзенне ўдаўства свайго, і памыла цела сваё ў вадзе, і намасцілася духмянасцямі, і расчасала валасы на сваёй галаве, і ўсклала на галаву сваю мітру ды ўбралася ў адзенне прыгажосці сваёй, у якое ўбіралася ў дні жыцця мужа свайго Манасы.
4 І абула на свае ногі сандалі, і надзела нажныя кольцы, і бранзалеты, і пярсцёнкі, і завушніцы, і ўсе свае ўпрыгожанні, ды занадта ўпрыгожыла сябе, каб звярнуць на сябе вочы мужчын, якія яе ўбачаць.
5 І дала нявольніцы сваёй бурдзюк з віном, і пасудзіны з аліўкавым алеем, і напоўніла торбу ячменнай кашай, і кавалкамі фігавымі, і хлебам, і сырамі; звязала ўсе гэтыя пасудзіны і дала ёй.
6 І пайшлі да брамы горада Бэтуліі, і там сустрэлі Осію і старэйшын горада Бэтуліі, што стаялі там, Хабрына і Харміна.
7 Калі яны ўбачылі яе, і зменены быў выгляд яе, і зменена адзенне, здзівіліся надта і сказалі ёй:
8 «Хай Бог бацькоў нашых падаруе табе Сваю ласку і хай споўніць твае намеры на славу сыноў Ізраэля і для ўзвышэння Ерузаліма».
9 І яна, упаўшы на твар, пакланілася Богу і сказала ім: «Загадайце адкрыць мне гарадскую браму, каб пайсці і споўніць намеры, аб чым гаварылі вы са мною». І загадалі юнакам адкрыць ёй браму, як гаварылі,
10 і так зрабілі. І выйшла Юдыт сама і нявольніца яе з ёю; і наглядалі за ёй мужы горада, як узышла на ўзгорак, як прайшла лагчыну, і далей не бачылі яе.
11 І ішлі ў лагчыну напрасткі, і сустрэла іх першая асірыйская варта.
12 І затрымалі яе, і запыталі яе: «Чыя ты, і адкуль ідзеш, і куды ідзеш?» І сказала яна ім: «Я дачка гебраяў, і ўцякаю ад іх, бо выдадзены яны вам на здабычу.
13 І іду да Галафэрна, кіраўніка вашага моцнага войска, каб яму перадаць словы праўды, ды пакажу яму дарогу, якою ідучы, авалодае ўсімі ўзгоркамі, і не згіне з людзей яго ніводзін чалавек, ані жывая душа».
14 І калі ваяры пачулі словы яе і агледзелі твар яе — і была яна ў вачах іх проста цудоўная абліччам — сказалі ёй:
15 «Захавала ты жыццё сваё, на дабро спяшаючыся да гаспадара нашага. І цяпер ідзі ў палатку яго, і некаторыя з нас праводзяць цябе, пакуль даставяць цябе ў яго рукі.
16 А калі станеш перад ім, не май страху ў сваім сэрцы, але паўтары яму словы твае, і ён добра абыдзецца з табой».
17 І выбралі паміж сябе сто ваяроў, і праводзілі яе і яе нявольніцу ды завялі ў палатку Галафэрна.
18 І па ўсім лагеры сабраліся людзі, бо па ўсіх палатках разнеслі вестку аб яе прыбыцці. Дык збегліся яны і акружылі яе, калі стаяла яна каля палаткі Галафэрна, пакуль паведамілі яму аб ёй.
19 І дзівіліся яны на прыгажосць яе, ды слухалі словы яе, што былі надта мілыя, і хвалілі сыноў Ізраэля дзеля яе. І кожны казаў блізкаму свайму: «Хто можа пагарджаць такім народам, які мае ў сябе такіх жанчын? Нельга бо, каб застаўся хоць адзін мужчына з іх, што могуць падмануць увесь свет».
20 І выйшлі ўсе пакаёвыя Галафэрна і ўсе паслугачы яго, і ўвялі яе ў яго палатку.
21 І Галафэрн адпачываў на ложку сваім пад палогам, што быў з пурпуру і быў вытканы золатам, і ізумрудам, і найкаштоўнейшымі камянямі.
22 І паведамілі яму аб ёй. Калі ён пачуў, выйшаў у прысенак палаткі, і перад ім неслі вельмі шмат срэбраных лямпаў. І ўвялі яе да яго.
23 А калі Юдыт стала перад ім і перад яго паслугачамі, усе пахвалілі прыгажосць аблічча яе; і яна, упаўшы на твар, пакланілася яму, і паслугачы яго паднялі яе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017