Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 14 Кніга Юдыт 14 разьдзел

1 І Юдыт сказала ім: «Паслухайце мяне, браты, і вазьміце гэтую галаву, і павесьце яе над умацаваннем мура нашага.
2 І, калі развіднее і сонца ўзыдзе над зямлёю, хай кожны возьме сваю баявую зброю, і хай кожны чалавек, здатны да бою, выйдзе з горада, і хай пачнуць яны наступ супраць іх, як быццам сыходзяць яны на раўніну, да першай варты сыноў Асірыі; ды хай яны не сыходзяць.
3 І хай тыя, узяўшы зброю сваю, пойдуць у лагер свой, і падымуць кіраўнікоў войска асірыйскага, і збягуцца да палаткі Галафэрна, і не знойдуць яго, і ахопіць іх страх, і ўцякуць яны перад абліччам вашым.
4 І ідзіце следам за імі вы і ўсе, хто насяляе ўсю зямлю Ізраэля, нішчыце іх на ўсіх шляхах іх.
5 А перад тым як учыніць гэта, паклічце мне Ахіёра аманіта, каб ён, паглядзеўшы, апазнаў таго, хто ганьбіў дом Ізраэля і яго самога, як быццам на смерць, паслаў да нас».
6 І паклікалі Ахіёра з дома Осіі, які, калі прыйшоў і ўбачыў галаву Галафэрна ў руцэ аднаго чалавека з народнага сходу, упаў на твар, і аслабеў дух яго.
7 Калі ж яго абудзілі, упаў ён да ног Юдыт, і пакланіўся абліччу яе, і сказаў: «Дабраславенная ты ва ўсякай палатцы Юды і ва ўсякім народзе, што ўсхвалюецца, пачуўшы імя тваё.
8 І зараз распавядзі мне пра ўсё, што зрабіла ты ў гэтыя дні». І паведаміла яму Юдыт сярод народа пра ўсё, што яна зрабіла, ад таго дня, калі яна адышла, да дня, у які прамаўляла да іх.
9 Калі ж яна перастала гаварыць, узрадаваўся ўвесь народ гучна ўголас і ўсклікнуў радасным крыкам у сваім горадзе.
10 Ахіёр жа, бачачы ўсё, што зрабіў Бог Ізраэля, шчыра паверыў у Бога, і абрэзаў крайнюю плоць сваю, і далучыўся да дому Ізраэля па гэты дзень.
11 А пасля таго як развіднела, павесілі яны галаву Галафэрна над мурам; і ўзяў кожны чалавек сваю зброю, і выйшлі яны па дружынах, каб узысці на гару.
12 А асірыйцы, калі ўбачылі іх, паслалі да сваіх намеснікаў, і тыя прыйшлі да князёў, і да тысячнікаў, і да ўсіх сваіх кіраўнікоў.
13 І прыйшлі яны да палаткі Галафэрна, і сказалі Багоі, які быў загадчыкам маёмасці яго: «Пабудзі гаспадара нашага, бо адважыліся юдэі сысці да нас дзеля бітвы, каб загінуць цалкам».
14 І ўвайшоў Багоя, і пастукаў па пакрывале; меркаваў бо, што той спіць з Юдыт.
15 Калі ж ніхто не адазваўся, ён, адхінуўшы пакрывала, увайшоў у спальню і знайшоў яго, кінутага на лаўцы для ног, мёртвага, голага, і галавы яго не было ў яго.
16 І закрычаў ён гучна, з плачам, і з лямантам, і з вялікім крыкам, і раздзёр шаты свае.
17 І ўвайшоў ён у палатку, дзе гасцявала Юдыт, і не знайшоў яе. І выбег ён да народа, і закрычаў:
18 «Несправядліва зрабілі рабы! Абняславіла адна гебрайская жанчына дом цара Набукаданосара, бо вось, Галафэрн — на зямлі, і галавы яго няма на ім!»
19 Калі кіраўнікі войска асірыйскага пачулі гэтыя словы, раздзёрлі яны вопратку сваю, і ўзрушылася надта душа іх, і падняўся крык вялікі і лямант у лагеры.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017