Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 15 Кніга Юдыт 15 разьдзел

1 Калі ж пачулі пра гэта тыя, хто быў у палатках, спужаліся яны з-за таго, што сталася.
2 І ахапілі іх страх і боязь, і не было чалавека, хто б яшчэ заставаўся перад абліччам блізкага свайго, але, кінуўшыся, яны беглі па ўсіх дарогах раўнінных і горных.
3 І пусціліся наўцёкі тыя, хто паставіў лагер на ўзгорках вакол Бэтуліі. І тады сыны Ізраэля — кожны ваяр іх — кінуліся за імі.
4 І паслаў Озія ў Бэт-Амэстаім, і ў Бэмэн, і ў Хобу, і ў Холу, і ва ўсе землі Ізраэля, каб яны абвясцілі аб тых рэчах, што адбыліся, і каб усе кінуліся на ворагаў дзеля забіцця іх.
5 Калі ж пра гэта пачулі сыны Ізраэля, то ўсе разам напалі на іх і забівалі іх да Хобы. А таксама і тыя, хто быў у Ерузаліме, прыбылі з усіх гор; бо ім было абвешчана, што сталася ў лагеры ворагаў іх. І тыя, хто быў у Галаадзе і ў Галіме, пагналіся за імі і пакаралі іх вялікаю караю, пакуль не прайшлі Дамаск і межы іх.
6 Астатнія ж, хто пражываў у Бэтуліі, напалі на асірыйскі лагер, і абрабавалі яго, і надта ўзбагаціліся.
7 Сыны ж Ізраэля, спыніўшы забойства, авалодалі рэштаю; і вёскі, і сёлы на ўзгорках і на раўніне атрымалі багатую здабычу; колькасць бо яе была вялікаю.
8 І прыйшоў першасвятар Ёакім і старэйшыны сыноў Ізраэля, якія жылі ў Ерузаліме, каб убачыць дабро, што зрабіў Госпад Ізраэлю, і каб пабачыць Юдыт і пагаварыць з ёю ў супакоі.
9 І калі выйшла да іх Юдыт, яе дабраславілі ўсе разам і сказалі ёй: «Ты — веліч Ерузаліма, ты — вялікая слава Ізраэля, ты — вялікая пахвала народа нашага.
10 Зрабіла ты ўсё гэта сваёю рукой, зрабіла дабро Ізраэлю, і спадабалася гэта Богу. Будзь дабраславёная, жанчына, у Бога Усемагутнага навек». І сказаў увесь народ: «Хай так будзе, хай так будзе!»
11 І абрабаваў народ лагер за трыццаць дзён, і аддалі Юдыт палатку Галафэрна, і ўсё срэбра, і ложкі, і пасудзіны, і ўсю яго маёмасць. І яна, узяўшы гэта, усклала гэта на мулаў, і запрэгла рыдваны свае, і паклала гэта на іх.
12 І збегліся ўсе жанчыны Ізраэля, каб пабачыць яе, і дабраславілі яе, і самі ўчынілі ёй карагод. І ўзяла яна тырсы ў рукі свае, і аддала жанчынам, што былі з ёю.
13 І былі ўвянчаныя аліўкавымі галінамі яна і жанчыны, што з ёю былі. І пайшла яна наперадзе ўсяго народа ў карагодзе, на чале ўсіх жанчын, і ішлі за ёю ўсе ўзброеныя ваяры Ізраэля з вянкамі і з гімнамі ў вуснах сваіх.
14 І пачынала Юдыт гэтае вызнанне ва ўсім Ізраэлі, і прамаўляў увесь народ хвалу гэтую Госпаду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017