1 На наступны ж дзень Галафэрн загадаў усяму войску свайму ды ўсяму свайму народу, якія прыйшлі яму на дапамогу, рыхтавацца да Бэтуліі, і заняць уваход у горы, і распачаць вайну з сынамі Ізраэля.
2 І ў той дзень прыгатаваліся ўсе баявыя іх людзі, і войска іх ваяроў было ў сто семдзесят тысяч пешых, і дванаццаць тысяч коннікаў, акрамя абозу і людзей, якія ішлі пешшу за імі, — надта вялікае мноства.
3 І расклаліся лагерам на раўніне каля крыніцы побач з Бэтуліяй, і размясціліся ў шырыню насупраць Датайна аж да Абэлмайна і ў даўжыню ад Бэтуліі аж па Хіямон, што знаходзіцца насупраць Ездралона.
4 Калі ж сыны Ізраэля ўбачылі мноства іх, вельмі ўстрывожыліся і казалі адзін аднаму: «Цяпер яны спустошаць паверхню ўсёй зямлі, не вытрымаюць напору іх ані высокія горы, ані ўзгоркі, ані лагчыны».
5 І ўзяў кожны сваю баявую зброю, і, распаліўшы агні ў вежах муроў сваіх, правартавалі ўсю тую ноч.
6 На другі ж дзень Галафэрн прывёў усю сваю конніцу на вочы сыноў Ізраэля, якія былі ў Бэтуліі,
7 і наведаў уваход у іх горад, і абгледзеў крыніцы водаў, і заняў іх. І размясціў каля іх лагер ваяроў, і сам вярнуўся да свайго народа.
8 І падышлі да яго ўсе князі Эзава, і ўсе кіраўнікі маабскага народа, і намеснікі Прымор’я, і казалі:
9 «Паслухай, валадару наш, параду, каб не спаткала паражэнне войска тваё.
10 Народ бо гэты сыноў Ізраэля верыць не сваім дзідам, але высокім гарам, на якіх жывуць; бо нялёгка ўзабрацца на вяршыні іх гор.
11 Ды цяпер не ваюй, валадару, з імі, як звычайна ваюецца, і не падзе ніводзін чалавек з твайго народа;
12 але заставайся ў сваім лагеры, зберагаючы кожнага ваяра войска свайго, і хай твае паслугачы зоймуць крыніцу вады, якая выцякае з падножжа гары,
13 бо з яе чэрпаюць ваду ўсе жыхары Бэтуліі. І вымарыць іх смага, і здадуць свой горад, і мы і войска тваё ўзыдзем на бліжэйшыя вяршыні гор і абкладзём іх вартай, каб з горада не збег аніводзін чалавек.
14 Ды будуць мучыцца яны смагаю і голадам, яны самі, і жонкі іх, і дзеці іх, і, пакуль прыйдзе на іх меч, пападаюць на вуліцах жыхарства свайго,
15 і адплаціш ім злою адплатаю за тое, што ўзбунтаваліся і не выйшлі ў супакоі табе насустрач».
16 І спадабаліся іх словы Галафэрну і ўсім паслугачам яго, і рашыўся так рабіць, як яны раілі.
17 І вырушыла войска сыноў Мааба, і з імі пяць тысяч сыноў Асірыі, і размясціліся лагерам у даліне, і занялі крыніцы водаў сыноў Ізраэля.
18 І сыны Амона і сыны Эзава ўзышлі на горы і насупраць Датайна размясцілі лагер. І ад іх паслалі людзей на поўдзень і на ўсход насупраць Эгрэбэля, што каля Хуса над ручаём Махмур. І рэшта асірыйскіх войскаў паставіла лагер на раўніне і закрыла ўсю паверхню зямлі; і палатак, і абозаў іх размясцілася там у вялікай колькасці, і былі яны ў вельмі вялікім мностве.
19 І сыны Ізраэля прызвалі Госпада, Бога свайго, бо падалі духам, бо акружылі іх адусюль усе іх ворагі, і не маглі ўцячы ад іх.
20 І ў акружэнні іх, усяго асірыйскага войска: пешых, і калясніц, і конніцы іх прабылі яны трыццаць чатыры дні. І пусцелі ва ўсіх жыхароў Бэтуліі ўсе іх пасудзіны з вадою,
21 і пусцелі вадаёмы іх, і не мелі, з чаго напіцца даволі вады нават адзін дзень, бо выдзялялі ім ваду для піцця.
22 Ды турбаваліся дзеці іх, і жанчыны, і юнакі млелі ад смагі і падалі на вуліцах горада і пры ўваходзе ў брамы, і не мелі яны ўжо сілы.
23 І сабраўся ўвесь народ да Осіі і да князёў горада: юнакі, і жанчыны, і дзеці, — і моцным голасам закрычалі, і казалі перад усімі старэйшынамі:
24 «Хай рассудзіць Бог між вамі і намі, бо зрабілі вы нам вялікую крыўду таму, што не прапанавалі асірыйцам супакою.
25 І цяпер няма каму нас ратаваць, але Бог прадаў нас у іх рукі, каб пападалі перад імі ў смазе і вялікай гібелі.
26 Ды цяпер паклічце іх і аддайце ўвесь горад у няволю народу Галафэрна і ўсяму яго войску.
27 Бо лепей для нас стацца ім здабычай; будзем бо ім рабамі і рабынямі, і хай жыве душа наша, ды не будзем бачыць смерці дзетак нашых, жанчын нашых і сыноў нашых, як будуць яны ўміраць перад вачамі нашымі.
28 Заклінаем вас небам і зямлёю, і богам іх, і Госпадам нашых бацькоў, Які помсціць нам за грахі нашы і за грахі продкаў нашых, каб не зрабіў у гэты дзень паводле слоў гэтых».
29 І падняўся лямант вялікі, адзінадушны паміж усіх, сярод сходу, і яны моцным голасам прызвалі Госпада Бога.
30 І сказаў ім Осія: «Не трывожцеся, браты, і пратрымаемся яшчэ пяць дзён, у якія Госпад, Бог наш, акажа нам Сваю міласэрнасць; не пакіне бо Ён нас на знішчэнне.
31 Калі ж гэтыя пяць дзён пройдуць і не прыйдзе нам дапамога, то паступлю паводле слоў вашых».
32 І разаслаў народ, кожнага ў яго лагер, і пайшлі яны на муры і ў вежы горада, і жанчын і дзяцей адпусцілі да іх дамоў; і былі яны ў надта вялікай пакорлівасці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Юдыт, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017