Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 11 Кніга Юдыт 11 разьдзел

1 І Галафэрн сказаў ёй: «Будзь адважнай, жанчына, і не трывож сэрца свайго, я бо ніколі не скрыўдзіў чалавека, які рашыўся служыць Набукаданосару, цару ўсёй зямлі.
2 І зараз, калі б народ твой, што жыве ў гарах, не пагардзіў мною, не падняў бы я дзіды сваёй супраць іх, але гэта нарабілі яны самі сабе.
3 Ды цяпер скажы мне: “З якой прычыны пакінула ты іх ды прыбыла да нас?” Бо прыбыла ты, каб выратавацца. Будзь мужнай, будзеш жыць у гэтую ноч і далей.
4 Няма бо нікога, хто б цябе пакрыўдзіў, і я зраблю табе добра, як робіцца паслугачам гаспадара майго».
5 І сказала яму Юдыт: «Прымі словы паслугачкі сваёй, і будзе гаварыць паслугачка твая перад табою, і не салгу гаспадару майму ў гэтую ноч.
6 І, калі паслухаеш словы тваёй паслугачкі — выканаеш сваімі рукамі ўсё, што Бог зробіць праз цябе, і, гаспадару мой, не падманешся ў сваіх намерах, як доўга будзеш жыць.
7 Хай бо жыве Набукаданосар, і хай жыве войска яго; цар усёй зямлі, які паслаў цябе, каб узвесці на простую дарогу ўсякую душу жывую, бо дзякуючы табе не толькі людзі служаць яму, але таксама звяры палявыя, і жывёла, ды птушкі ў паветры, і дзеля тваёй моцы жыць будуць для Набукаданосара і ўсяго яго дома.
8 Пачулі мы бо пра мудрасць тваю і пра вынаходлівасць душы тваёй, і аб’яўлена па ўсёй зямлі, што толькі ты адзін добры ва ўсім царстве і здольны да разважлівасці ў вядзенні вайны.
9 І зараз што да прамовы, гаспадару мой, якую сказаў Ахіёр на нарадзе тваёй, дык ведаем яго словы, бо людзі з Бэтуліі захавалі яго жывым і ён усё ім расказаў, што гаварыў ён перад табою.
10 Дзеля таго, валадару гаспадару, не зважай на яго словы, але пакладзі ў сэрца сваё, бо яно праўдзівае. Бо не спадзе помста на народ наш, ані меч не пераможа іх, калі не зграшаць яны перад Богам сваім.
11 І цяпер, каб гаспадар мой не быў адкінуты, нічога не здзейсніўшы, смерць упадзе на іх аблічча, і ахопіць іх грэх вялікі, у якім увядуць яны ў гнеў Бога свайго; і як зробяць яны гэта — будуць табе на знішчэнне.
12 Бо калі не хапіла ім харчоў і не стала ім вады, рашылі кінуцца на жывёлу сваю ды задумалі есці ўсё, што ім Бог законамі Сваімі забараніў есці.
13 Рашылі есці і пяршыні збожжа, і дзесяціны віна і аліўкавага алею, якія, асвячоныя, захавалі для святароў, што адбываюць службу перад абліччам Бога нашага ў Ерузаліме, да тых рэчаў нікому з народа нельга дакранацца.
14 І паслалі пасланцоў у Ерузалім, — бо і там пражываючыя рабілі тое самае, — каб ім быў прынесены дазвол ад старэйшын.
15 І станецца гэта: як толькі ім аб гэтым паведамяць і яны будуць рабіць так, то ў той самы дзень будуць выдадзены табе на пагібель.
16 Дзеля таго я, паслугачка твая, калі даведалася пра ўсё гэта, уцякла ад іх, і Бог паслаў мяне, каб разам з табой даканала справу, што задзівіцца ўся зямля, кожны, хто пра гэта пачуе.
17 Бо паслугачка твая славіць Бога ды служыць Богу нябеснаму днём і ноччу. Ды цяпер застануся ў цябе, гаспадару мой, і ноччу нявольніца твая выйдзе ў даліну маліцца да Бога, і Ён мне падкажа, калі яны дапусцяцца грахоў іх.
18 І, як вярнуся, паведамлю гэта табе, і выйдзеш з усім войскам сваім, і не будзе каму табе працівіцца.
19 І я правяду цябе праз Юдэю, пакуль не дайду да Ерузаліма і пастаўлю пасад твой сярод іх, і ты павядзеш іх, як авечак, якія не маюць пастуха. І не завурчыць сабака пашчаю сваёю супраць цябе, бо гэта мне сказана, згодна з прадбачаннем маім абвешчана гэта мне, і я паслана паведаміць табе».
20 І спадабаліся яе словы Галафэрну ды ўсім яго паслугачам, і задзівіліся яны яе прыгажосці і мудрасці, і казалі:
21 «Няма такой жанчыны ад канца аж да канца зямлі, што да прыгажосці аблічча ды разумнай мовы».
22 І сказаў Галафэрн да яе: «Добра зрабіў Бог, пасылаючы цябе перад сынамі твайго народа, каб у руках нашых была сіла, а тым, што пагардзілі гаспадаром маім, — пагібель.
23 І зараз прыгожая ты на выгляд і добрая ў словах сваіх. Калі бо ты сапраўды зробіш, што сказала, то твой Бог будзе маім Богам, і ты будзеш жыць у Набукаданосара цара ды будзеш слаўнаю на ўсёй зямлі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017