Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 5 Кніга Юдыт 5 разьдзел

1 І Галафэрну, кіраўніку войска асірыйскага, было паведамлена, што сыны Ізраэля падрыхтаваліся да вайны, і закрылі праход паміж гор, ды акружылі мурамі кожную вяршыню высокай гары, і на раўніне паставілі перашкоды.
2 І ён моцна раззлаваўся, і склікаў усіх князёў Мааба, і кіраўнікоў Амона, ды ўсіх загадчыкаў узбярэжжа,
3 і сказаў ім: «Сыны Ханаана, скажыце мне: што гэта за народ, што сядзіць у гарах? І што гэта за гарады, у якіх яны пражываюць, і якая колькасць іх войска?
4 І чаму яны саступілі і не выйшлі супраць мяне перад усімі, што пражываюць на захадзе?»
5 І сказаў яму Ахіёр, кіраўнік сыноў Амона: «Хай выслухае гаспадар мой слова з вуснаў паслугача свайго, і я выяўлю табе праўду пра гэты народ, што жыве каля цябе ў гарах гэтых, і не выйдзе з вуснаў паслугача твайго лгарства.
6 Гэта народ з роду халдэяў,
7 і яны перш жылі ў Месапатаміі, бо не захацелі прызнаваць багоў сваіх бацькоў, якія славіліся ў зямлі халдэяў.
8 І яны ўхіліліся ад дарогі сваіх бацькоў, і пакланіліся Богу нябеснаму, Богу, Якога пазналі, і іх выгналі перад абліччам багоў іх, і ўцяклі яны ў Месапатамію, і пражывалі там доўгі час.
9 І іх Бог загадаў ім ісці з гэтага месца пражывання і кіравацца ў зямлю Ханаан. Дык абжыліся там і абагаціліся золатам, і срэбрам, і вялікім мноствам жывёлы.
10 І перайшлі ў Егіпет, бо голад запанаваў у зямлі Ханаан, і прабывалі там, аж ад’еліся і выраслі там у вялікую колькасць, і не было ліку іх роду.
11 Ды паўсталі супраць іх егіпцяне, і ўцягнулі іх у гліну і цэглу, упакорылі іх і зрабілі іх нявольнікамі.
12 Ды прызвалі яны Госпада свайго, і Ён паразіў усю зямлю Егіпецкую карамі, ад якіх не было ратунку, і выкінулі іх егіпцяне ад аблічча свайго.
13 І перад імі высушыў Бог Чырвонае мора
14 і павёў іх дарогаю на Сінай і Кадэс-Барнэ. І яны выгналі ўсіх жыхароў пустыні,
15 і абжылі зямлю амарэяў, і сілай сваёй выгубілі ўсіх хесебонцаў. І, пераправіўшыся праз Ярдан, завалодалі ўсімі горнымі краінамі,
16 і выгналі ад аблічча свайго хананеяў, феразеяў, евусеяў і сэхеяў, і ўсіх гергесеяў, і пражывалі там доўгі час.
17 І пакуль яны не грашылі перад абліччам свайго Бога, спрыяла ім шчасце, бо з імі Бог, Які ненавідзіць злачыннасць.
18 А калі збочылі з дарогі, якую паказаў ім, тады загінула іх надта многа ў частых войнах, і адведзены былі ў палон у зямлю чужую, і святыню іх Бога зраўнавалі з зямлёй, і гарады іх занялі іх ворагі.
19 І цяпер навярнуліся зноў да Бога свайго, прыйшлі з расцярушання, дзе былі раскінуты, і занялі Ерузалім, у якім знаходзіцца іх святыня, і занялі горныя мясціны, бо былі яны не абжыты.
20 Ды цяпер, гаспадару валадару, калі народ гэты чым вінаваты і грашыць супраць свайго Бога, то мы знойдзем у іх гэтае пашкоджанне, і падымемся на горы, і будзем ваяваць з імі;
21 калі, аднак, няма правіннасці ў гэтым народзе, хай не чапае іх гаспадар мой, каб не заступіўся за іх Госпад і Бог іх, інакш мы будзем на ганьбу перад усёй зямлёй».
22 І сталася: калі Ахіёр перастаў гаварыць гэтыя словы, загаманіў увесь народ, які быў вакол палаткі. І сказалі магнаты Галафэрна і ўсе, што жылі на ўзбярэжжы і ў Маабе, каб забіць яго:
23 «Не пабаімся бо сыноў Ізраэля; вось, гэта народ, у якім няма сілы, ані моцы ў жорсткім баі;
24 таму ўзыдзем на горы, і яны будуць ежаю твайго войска, о валадару Галафэрне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017