Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 16 Кніга Юдыт 16 разьдзел

1 І сказала Юдыт: «Пачніце граць Богу майму на тымпанах, спявайце Госпаду майму пад цымбалы, спявайце Яму новы псальм, узвышайце і праслаўляйце імя Яго.
2 Ты — Бог, Які вырашае войны, Які ставіць лагер пасярод народа Свайго, каб вырваць мяне з рук тых, хто пераследуе мяне.
3 Прыйшоў Асур з гор, з поўначы, прыйшоў з тысячамі ваяроў сваіх, мноства якіх заняло ручаі, і конніца іх пакрыла ўзгоркі.
4 І сказаў ён, што спаліць мае землі, і заб’е мечам маіх юнакоў, і кормячых маці маіх аддасць зямлі, і немаўлят маіх аддасць на разарванне, і дзяўчат — на распрананне.
5 Госпад Усемагутны пагрэбаваў імі і пасарамаціў іх рукою жанчыны!
6 Бо загінуў уладар іх не ад юнакоў, ані сыны тытанаў паразілі яго, ані высокія гіганты скінулі яго, але Юдыт, дачка Мерары, відам аблічча свайго аслабіла яго.
7 Бо зняла яна з сябе адзенне ўдаўства свайго дзеля ўзвышэння пакутнікаў у Ізраэлі. Памазала яна аблічча сваё маззю,
8 і сабрала валасы свае ў мітру, і апранулася ў столу льняную дзеля таго, каб спакусіць яго.
9 Сандаля яе захапіла вока яго, і прыгажосць яе ўзяла ў палон душу яго, і прайшоў меч карак яго.
10 Спалохаліся персы з-за адвагі яе, і ўсхваляваліся мідыйцы з-за стойкасці яе.
11 Тады закрычалі ўпакораныя мае, і кволыя загаманілі, і спужаліся яны, у вышыню ўзнялі яны голас свой і кінуліся прэч.
12 Сыны маладых жанчын праколвалі іх і ранілі іх, тых, хто добраахвотна аддаўся; загінулі яны ад бітвы Госпада майго.
13 Буду спяваць я Богу майму новы гімн: Госпадзе, Ты — вялікі і слаўны, дзіўны моцаю і непераможны.
14 Табе служыць кожнае стварэнне тваё, бо Ты сказаў — і сталася, Ты паслаў Духа Свайго — і ўсталявалася, і няма нікога, хто б супрацівіўся голасу Твайму.
15 Бо горы з водамі зрушацца з падмуркаў, а скалы перад абліччам Тваім расплавяцца, нібыта воск. А да тых, хто баіцца Цябе, будзеш ласкавы.
16 Бо малая ўсякая ахвяра дзеля водару прыемнага і надта малы ўсякі тлушч на цэласпаленне Табе. А хто баіцца Госпада, той у Яго заўсёды вялікі.
17 Гора народам, што паўстаюць на род мой! Госпад Усемагутны адпомсціць ім, у дзень суда пакарае іх, каб даць агонь чарвякам у целах іх і спаліць іх, каб вечна адчувалі яны гэта».
18 Калі ж прыйшлі яны ў Ерузалім, пакланіліся яны Богу; і, пасля таго як ачысціўся народ, прынеслі яны цэласпаленне Госпаду, і добраахвотнае сваё, і дарункі.
19 І прынесла Юдыт усе пасудзіны Галафэрна, якія даў ёй народ, і завесу, якую ўзяла са спальні яго, і аддала на пасвячэнне Госпаду.
20 І народ у Ерузаліме радаваўся перад абліччам святынь тры месяцы, і Юдыт заставалася з імі.
21 А па гэтых днях кожны вярнуўся ў спадчыну сваю, і Юдыт пайшла ў Бэтулію, і засталася ў сваім уладанні. І стала яна слаўнаю ў свой час ва ўсёй зямлі,
22 і многія жадалі яе, і не пазнаў яе мужчына ва ўсе дні жыцця яе з таго дня, як памёр Манаса, муж яе, і далучыўся да народа свайго.
23 І з часам стала яна вельмі значнай, і дажыла ў доме мужа свайго Манасы да ста пяці гадоў, і зрабіла паслугачку сваю вольнаю, і памерла ў Бэтуліі, і пахавалі яе ў пячоры.
24 І аплакваў яе Ізраэль сем дзён. І раздзяліла яна маёмасць сваю перад смерцю для ўсіх блізкіх мужа свайго Манасы і блізкіх роду свайго.
25 І ўжо не было нікога, хто б палохаў сыноў Ізраэля ў дні Юдыт і многія дні пасля смерці яе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Юдыт, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017