Біблія » Пераклады » Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

Мацвея 7 Паводле Мацвея 7 разьдзел

1 Не судзіце сваіх бліжніх. 7 Пра малітву. 12 Залатое правіла паводзін. 13 Хадзіце вузкаю дарогою. 15 Сцеражыцеся фалыпывых прарокаў. 21 Выконвайце волю вашага Бацькі Нябеснага. 24 Не будуйце на пяску. 28 Заканчэнне казані на гары.
1 Не судзіце, каб і вас не судзілі.
2 Бо якім судом судзіце, такім і вас асудзяць; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць.
3 Што ж ты бачыш парушынку ў воку брата свайго, а калоды ў сваім воку не заўважаеш?
4 Або, як скажаш ты брату свайму: «давай выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку, — калода?
5 Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6 Не давайце святога сабакам і не рассыпайце сваіх перлаў перад свіннямі, каб не патапталі яны іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разарвалі вас.
7 Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам;
8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, а хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняць.
9 Або, ці ёсць між вас чалавек, у якога б яго сын папрасіў хлеба, а ён падасць яму камень?
10 Або папрасіў бы рыбы, а ён падасць яму змяю?
11 Дык калі вы, хоць ліхія самі, можаце даваць добрыя дары сваім дзецям, — наколькі болей ваш Бацька, што ў нябёсах, дасць добрых дароў тым, што просяць у Яго?
12 Дык вось усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэтакі закон і прарокі.
13 Уваходзьце праз цесныя вароты; бо шырокія вароты і прасторная тая дарога, што вядзе да пагібелі, і шмат хто ідзе ёю.
14 Бо цесныя вароты і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала ёсць тых, хто знаходзіць яе.
15 Сцеражыцеся ж фалыпывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўсярэдзіне, — драпежныя ваўкі.
16 Па іх пладах пазнаеце іх: ці збіраюць з цёрну вінаградныя гронкі альбо з дзядоўніку фігі?
17 Гэтак кожнае добрае дрэва родзіць гожыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады.
18 Не можа добрае дрэва радзіць благіх пладоў ні дрэва нягоднае радзіць гожых пладоў.
19 Кожнае дрэва, якое не родзіць гожых пладоў, высякаюць і кідаюць у агонь.
20 Значыцца: па іх пладах пазнаеце іх.
21 Не кожны, што Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!», увойдзе ў Нябеснае Царства; але той, хто выконвае волю Бацькі Майго, што ў нябёсах,
22 Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці ж не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем выганялі дэманаў? і ці не Тваім імем шмат якія цуды рабілі?»
23 I тады аб’яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне».
24 Дык кожнага, што слухае гэтыя Мае словы і выконвае іх, параўнаю з разважным чалавекам, што збудаваў свой дом на камені:
25 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і накінуліся на той дом; ды ён не ўпаў; бо быў ён пастаўлены на камені.
26 А кожнага, хто слухае гэтыя Мае словы, ды не выконвае іх, параўнаю з неразважным чалавекам, які збудаваў свой дом на пяску:
27 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і наляглі на той дом, і ён упаў; і руйнаванне яго было вялікае.
28 I калі Ісус закончыў гэтыя словы, народ быў уражаны Яго навукаю;
29 Бо Ён вучыў яго як паўнамоцны, а не як тыя кніжнікі.

Каментары ці зноскі:

7:6. Тут, паводле багасловаў, маецца на ўвазе не проста прыведзеная ў святыню ахвярная жывёла, якая называлася святою. Ісус нагадвае, што трэба з асцярогаю раскрываць перад людзьмі Слова Божае.

7:12. Гэтая запаведзь лічыцца вяршыняю Нагорнай казані. Хоць яна мае шмат паралеляў у старажытных, але ўсе яны выказаны ў адмоўнай форме, як напрыклад: не рабі другому таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе. I чалавек можа захоўваць такое правіла, астаючыся проста ў поўным бяздзеянні. (Згадайма Гётэ: лёгка быць маральным, нічога не робячы). Ісус жа дае сцвярджальны наказ. Не нічога не рабіць, а актыўна рабіць добрае чалавеку, любіць яго: усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім. Гэта новы, актыўны погляд на жыццё і новыя жыццёвыя абавязкі.

7:15−20. Авечае футра было адметным адзеннем прарокаў, як мантыя філосафаў у грэкаў.

Былі людзі, якія пад выглядам прарокаў вандравалі з месца на месца, ашукваючы мясцовыя абшчыны і ведучы паразітычны лад жыцця. Таму існавалі пэўныя засцярогі: калі такі вандроўнік аставаўся ў абшчыне болын як на тры дні, лічыўся фальшывым прарокам. Ён не мог нічога прасіць, апроч хлеба, бо калі прасіў грошай, то быў фальшывы прарок і г. д.

7:22. Дэманы, — духі, якія могуць усяляцца як у людзей, так і ў жывёлу і кіраваць імі, прычым яны настойліва імкнуцца да ўвасаблення, без чаго, як лічаць шмат якія багасловы, бяссільныя чыніць зло.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацвея Святое Дабравесце, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.