Ісаі 28 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна
Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!
Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].
Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.
І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.
У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,
і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.
А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].
Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].
Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?
Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.
Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага
Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.
І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.
Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.
І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.
І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.
Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].
Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.
Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.
І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.
Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!
Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?
Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?
І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.
Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.
Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.
Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.