Ісаі 26 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў.
 

Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
 

Таго, чые думкі скіраваныя [на Цябе], Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца.
 

Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная.
 

Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно.
 

Топча яго нага, [топчуць] ногі ўбогага, стопы бедных.
 

Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі.
 

І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа.
 

Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае [адбываюцца] на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету.
 

Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА.
 

ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.
 

ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас.
 

ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем.
 

Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх.
 

Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
 

ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая [была] на нас.
 

Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ!
 

Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, [нічога] не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.
 

Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.
 

Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.
 

Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, [кожнага] з іх. І зямля адкрые кроў, [пралітую] на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.