Ісаі 60 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Устань, сьвяціся, [Ерусалім], бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою.
 

Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою.
 

І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго.
 

Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах.
 

Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе.
 

Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць.
 

Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як [ахвяра] ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй.
 

Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх?
 

Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі [плывуць] караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
 

Сыны чужынцаў адбудуюць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою.
 

Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі [да цябе].
 

Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены.
 

Слава Лібану прыйдзе да цябе, [з ёй] разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе [стаяць] ногі Мае.
 

І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.
 

За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў [праз цябе], Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне.
 

І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба.
 

Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім.
 

Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.
 

Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй.
 

Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй.
 

І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся.
 

З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся [зрабіць] гэта ў свой час.