Ісаі 51 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слухайце Мяне вы, якія імкнецеся да праведнасьці, якія шукаеце ГОСПАДА. Паглядзіце на скалу, з якой вы высечаныя, і на глыбіню ямы, з якой вы выцягнутыя.
 

Паглядзіце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас, бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго, і памножыў яго.
 

Бо пацешыць ГОСПАД Сыён, пацешыць усе руіны ягоныя, і зробіць Ён пустыню ягоную як Эдэм, і стэп ягоны — як сад ГОСПАДА. І будуць знойдзены ў ім вясёласьць і радасьць, дзякаваньне і голас сьпяваньня.
 

Паслухай Мяне, народзе Мой, племя Маё, прыхілі вуха да Мяне, бо Закон выйдзе ад Мяне, і суд Мой Я пастаўлю як сьвятло для народаў.
 

Блізка праведнасьць Мая, выходзіць збаўленьне Маё, і рамяно Маё будзе судзіць народы; на Мяне чакаюць астравы і на рамяно Маё спадзяюцца.
 

Узьніміце да неба вочы свае і гляньце на зямлю ўнізе, бо неба, як дым счэзьне, і зямля як адзеньне распадзецца, і жыхары ейныя як камары пагінуць, а збаўленьне Маё будзе вечным, і праведнасьць Мая ня спыніцца.
 

Паслухайце Мяне вы, якія ведаеце праведнасьць, народ, у сэрцы якога Закон Мой. Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей і не палохайцеся зьнявагаў іхніх.
 

Бо як адзеньне, зьесьць іх моль, і як воўну, зьесьць іх чарвяк, а праведнасьць Мая будзе вечная, і збаўленьне Маё — з пакаленьня ў пакаленьне.
 

Абудзіся, абудзіся! Апраніся ў магутнасьць, рамяно ГОСПАДА! Прабудзіся, як у дні старадаўнія, як у пакаленьнях [мінулых] вякоў. Ці ж ня Ты — Той, Які пасек Рагава, прабіў цмока?
 

Ці ж ня Ты — Той, Які высушыў мора, ваду вялікага бяздоньня, глыбіні мора зрабіў шляхам, каб ішлі адкупленыя?
 

Так вызваленыя ГОСПАДАМ вернуцца і прыйдуць на Сыён са сьпяваньем; і радасьць вечная над галовамі іхнімі; і яны атрымаюць радасьць і вясёласьць, а смутак і ўздыханьне ўцякуць.
 

Я, Я — Той, Які пацяшае вас! Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які як трава [высыхае]?
 

І ты забываешся пра ГОСПАДА, Які зрабіў цябе, Які расьцягнуў неба і заснаваў зямлю, і ты ўсьцяж, кожны дзень баішся гневу прыгнятальніка, які гатовы [цябе] загубіць. Але дзе той гнеў прыгнятальніка?
 

Хутка палонны будзе вызвалены і не памрэ ў яме, і ня будзе бракаваць яму хлеба.
 

Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які ўзбурвае мора, і ўздымаюцца хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
 

І Я ўлажыў словы Мае ў вусны твае, і ў ценю рукі Маёй Я схаваў цябе, каб расьцягнуць неба і заснаваць зямлю, і сказаць Сыёну: «Ты — народ Мой!»
 

Абудзіся, абудзіся, устань, Ерусалім, ты, які піў з рукі ГОСПАДА келіх гневу Ягонага, выпіў фуз з келіху ап’яненьня, выпіў да дна.
 

Не было нікога, хто б падтрымаў яго. З усіх сыноў, якіх ён нарадзіў, і з усіх сыноў, якіх выгадаваў, не было ніводнага, хто б падтрымаў руку ягоную.
 

Вось, дзьве [бяды] спаткалі цябе, але хто пашкадуе цябе? Спусташэньне і загуба, голад і меч, і хто пацешыць цябе?
 

Сыны твае зьнясіленыя, ляжаць на скрыжаваньнях усіх вуліцаў як сарна ў цянётах, поўныя гневу ГОСПАДА, пагрозаў Бога твайго.
 

Дзеля гэтага паслухай гэта, гаротны і ап’янелы, але не ад віна.
 

Гэта кажа Госпад твой, ГОСПАД, Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось, Я забіраю з рукі тваёй келіх ап’яненьня, фуз з келіху гневу Майго, і ты ня будзеш больш піць яго.
 

І Я дам яго ў рукі тых, якія прыгняталі цябе і казалі да душы тваёй: “Схіліся, каб мы прайшлі [па табе]!” І ты лажыў сьпіну тваю як зямлю і як вуліцу для тых, што праходзяць».