Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
І ўбачыў я іншы знак у небе, вялікі і дзіўны: сем анёлаў, якія маюць сем плягаў апошніх, якімі мае скончыцца ярасьць Божая.
I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.
І ўбачыў я нібы мора шкляное, зьмяшанае з агнём, і тых, якія перамагаюць зьвера, і вобраз ягоны, і пазнаку ягоную, і лічбу імя ягонага, якія стаяць на моры шкляным, маючы гусьлі Божыя,
I ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
і сьпяваюць сьпеў Майсея, слугі Божага, і сьпеў Ягняці, кажучы: «Вялікія і дзіўныя справы Твае, Госпадзе, Божа Ўсеўладны! Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару сьвятых!
І спявалі яны песню Майсея, слугі Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
Хто не спалохаецца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Тваё? Бо адзін Ты — Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо выявілася праведнасьць Твая».
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»
І пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, адчынілася бажніца намёту сьведчаньня ў небе,
І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання
і выйшлі з бажніцы сем анёлаў, якія маюць сем плягаў, апранутыя ў ільняную вопратку, чыстую і сьветлую, і падперазаныя праз грудзі паясамі залатымі.
і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.
І адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем чараў залатых, поўных ярасьці Бога, Які жыве на вякі вякоў.
I адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.
І напоўнілася бажніца дымам ад славы Божае і ад моцы Ягонае, і ніхто ня мог увайсьці ў бажніцу, пакуль ня зьдзейсьніліся сем плягаў сямі анёлаў.
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.