Адкрыцьцё 8 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
І калі Ён адчыніў сёмую пячатку, сталася ціша ў небе недзе на паўгадзіны.
І калі Ягня зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб.
І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму шмат фіміяму, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам.
І выступіў іншы анёл і стаў перад алтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат кадзілаў, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты алтар, які перад пасадам.
І ўзыйшоў дым фіміяму з малітвамі сьвятых з рукі анёла перад Богам.
І падняўся дым кадзілаў разам з малітвамі святых з рукі анёла да Бога.
І ўзяў анёл кадзільню, і напоўніў яе агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю; і сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус.
І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з алтара, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты і галасы, і маланкі і землятрусы.
І сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб трубіць.
І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць.
І першы анёл затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмяшаныя з крывёю, і былі кінутыя на зямлю; і трэцяя частка дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная згарэла.
І першы затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла.
І другі анёл затрубіў, і быццам гара вялікая, якая агнём палае, была кінутая ў мора; і трэцяя частка мора сталася крывёю,
І другі анёл затрубіў. І тады быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй,
і памерла трэцяя частка стварэньняў у моры, якія маюць душу, і трэцяя частка караблёў была зьнішчаная.
і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула.
І трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарыць, як паходня, і ўпала на трэцюю частку рэкаў і на крыніцы водаў,
І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
і імя зоркі называецца Палын; і трэцяя частка [водаў] сталася палынам, і шмат людзей памерла ад тых водаў, бо яны сталі горкімі.
І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка вод пераўтварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
І чацьвёрты анёл затрубіў, і былі пашкоджаная трэцяя частка сонца і трэцяя частка месяца і трэцяя частка зорак, каб трэцяя частка іх зацьмілася, і каб дзень не сьвяціў трэцюю частку сваю, і падобна ноч.
І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, а ў дня не яснела трэцяя частка, і таксама ж ноч.
І ўбачыў я, і пачуў, як адзін анёл ляцеў пасярод неба і казаў вялікім голасам: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох анёлаў, якія маюць трубіць!»
Потым глянуў я і пачуў аднаго арла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».