Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
І я ўбачыў іншы знак на небе, вялікі і дзіўны: сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апошніх, бо імі канчаўся гнеў Божы.
I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.
І я ўбачыў як бы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, хто перамог звера і яго вобраз, [і яго кляймо], і лік яго імя; яны стаялі на шкляным моры, трымаючы арфы Божыя.
I ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
І яны спяваюць песню Маісея, слугі Божага, і песню Агнеца, кажучы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе Божа Усемагутны, справядлівыя і праўдзівыя Твае дарогі, Цару народаў33.
І спявалі яны песню Майсея, слугі Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
Хто не збаіцца [Цябе], Госпадзе, і не праславіць Твайго імя? Бо Ты адзіны святы, бо ўсе народы прыйдуць і ўпадуць ніцма перад Табою, бо адкрыліся Твае справядлівыя прысуды.
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»
І пасля гэтага я ўбачыў: і быў адчынены храм скініі сведчання на небе,
І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання
і выйшлі з храма сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апранутыя ў чысты светлы лён і апаясаныя па грудзях залатымі паясамі.
і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.
І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі Анёлам сем залатых чашаў, напоўненых гневам Бога, Які жыве векі вечныя.
I адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.
І храм напоўніўся дымам ад славы Божай і ад Яго сілы, і ніхто не мог увайсці ў храм, пакуль не скончацца сем напасцяў сямі Анёлаў.
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.