Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І я ўбачыў новае неба і новую зямлю; бо першае неба і першая зямля адышлі, і мора ўжо няма.
 
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі, і мора ўжо няма.

І я [Іаан] убачыў святы горад, Новы Іерусалім, які сходзіў з неба ад Бога, падрыхтаваны, як маладая, прыбраная для свайго мужа.
 
А я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.

І я пачуў гучны голас з трона39, што казаў: Вось, скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць Яго народам, і Сам Бог будзе з імі [іх Богам].
 
І пачуў я голас магутны, кажучы: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,

І Ён сатрэ кожную слязу з іх вачэй; і смерці ўжо не будзе; і не будзе больш ні плачу, ні крыку, ні болю, [бо] ранейшае адышло.
 
і абатрэ кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».

І сказаў Той, Хто сядзіць на троне: Вось, Я раблю ўсё новае. — І кажа: Напішы, таму што гэтыя словы верныя і праўдзівыя.
 
І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».

І сказаў мне: Яны спраўдзіліся! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Сасмягламу Я дам задарма з крыніцы вады жыцця.
 
І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.

Пераможац атрымае ў спадчыну гэта40, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
 
Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.

А баязлівых, і няверных, і агідных, і забойцаў, і распуснікаў, і чарадзеяў, і ідаласлужак, і ўсіх ілгуноў — іх доля ў возеры, якое гарыць агнём і серай; гэта — другая смерць.
 
Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванахвальцаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».

І прыйшоў [да мяне] адзін з сямі Анёлаў, у якіх было сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі напасцямі, і гаварыў са мной, і сказаў: Падыдзі, я пакажу табе маладую, жонку Агнеца.
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».

І ён узнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне святы горад Іерусалім, што сходзіў з неба ад Бога
 
І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне святы горад Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога

і меў славу Божую; ззянне яго падобнае да найкаштоўнейшага каменя, як бы да каменя яспісу, чыстага, як крышталь.
 
і маючы славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.

Ён меў вялікую і высокую сцяну, меў дванаццаць брамаў, і пры брамах дванаццаць Анёлаў, і напісаныя імёны; гэта — імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраілевых;
 
І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.

з усходу тры брамы, і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы.
 
Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.

І сцяна горада мае дванаццаць асноў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Агнеца.
 
І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.

І той, хто гаварыў са мною, меў мерны залаты шост, каб змераць горад, і яго брамы, і яго сцяну.
 
І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур ягоны.

І горад размешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як [і] шырыня. І ён змераў горад шастом на дванаццаць тысяч стадый41: даўжыня, і шырыня, і вышыня яго роўныя.
 
І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня — аднолькавыя.

І змераў яго сцяну: сто сорак чатыры локці42, мераю чалавечай, якая ёсць і Анёлавай.
 
І змераў мур яго ста сарака чатырмя локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.

І яго сцяна пабудавана з яспісу, а горад — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
 
І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.

Асновы гарадской сцяны ўпрыгожаны ўсялякім каштоўным каменнем: першая аснова — яспіс, другая — сапфір, трэцяя — халкідон, чацвёртая — смарагд,
 
Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — халцэдонам, чацвёрты — смарагдам,

пятая — сардонікс, шостая — сердалік, сёмая — хрызаліт, восьмая — берыл, дзевятая — тапаз, дзесятая — хрызапраз, адзінаццатая — гіяцынт, дванаццатая — аметыст.
 
пяты — сардоніксам, шосты — сардзінам, сёмы — хрызалітам, восьмы — берылам, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам.

І дванаццаць брамаў — дванаццаць перлаў: кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада — чыстае золата, як празрыстае шкло.
 
І дванаццаць брам — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была з адной пэрлы. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

А храма я не ўбачыў у ім; бо яго храм — Госпад Бог Усемагутны і Агнец.
 
І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй і Ягня.

І горад не мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы, каб яны свяцілі яму; бо слава Божая асвятліла яго, і светач яго — Агнец.
 
І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо яснасць Божая асвятляе яго, і Ягня ёсць свяцільняй яго.

І [выратаваныя] народы будуць хадзіць у яго святле, і зямныя цары прынясуць у яго сваю славу.
 
І будуць хадзіць народы ў святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.

І яго брамы ніколі не будуць замыкацца ўдзень, бо ночы нам не будзе;
 
І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы не будзе там.

і прынясуць у яго славу і гонар народаў.
 
І ўнясуць у яго славу і багацце народаў.

І не ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ні той, хто чыніць брыдоту і хлусню, а толькі тыя, хто запісаныя ў кнізе жыцця ў Агнеца.
 
І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.