Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
 
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі, і мора ўжо няма.

І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога зь неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго.
 
А я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.

І пачуў я гучны голас зь неба, які казаў: вось, скінія Бога зь людзьмі, і Ён будзе жыць зь імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог зь імі будзе Богам іхнім,
 
І пачуў я голас магутны, кажучы: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,

і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло.
 
і абатрэ кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».

І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: вось твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя.
 
І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».

І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое;
 
І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.

Пераможца спадкуе ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам;
 
Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.

А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам — іхняя доля ў возеры, якое гарыць вагнём і серкаю; гэта — сьмерць другая.
 
Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванахвальцаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».

І прыйшоў да мяне адзін зь сямі анёлаў, у якіх было сем чараў, напоўненых сямю апошнімі пошасьцямі, і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці.
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».

І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў зь неба ад Бога:
 
І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне святы горад Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога

ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага;
 
і маючы славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.

ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых:
 
І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.

з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы;
 
Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.

мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.
 
І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.

Той, што са мной гаварыў, меў залатую трысьціну для вымярэньня горада і брамаў ягоных і муроў ягоных.
 
І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур ягоны.

А горад разьмешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І абмерыў ён горад трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя роўныя.
 
І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня — аднолькавыя.

І мур ягоны абмерыў у сто сорак чатыры локці, мераю чалавечаю, якая мера і анёлава.
 
І змераў мур яго ста сарака чатырмя локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.

Мур ягоны складзены зь ясьпісу, а горад быў чыстае золата, падобны чыстаму шклу.
 
І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.

Падмуркі гарадзкога мура ўпрыгожаны ўсялякімі каштоўнымі камянямі: падмурак першы — ясьпіс, другі — сапфір, трэйці — халкідон, чацьвёрты — смарагд,
 
Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — халцэдонам, чацвёрты — смарагдам,

пяты — сарданікс, шосты — сардыс, сёмы — хрызаліт, восьмы — берыл, дзявяты — тапаз, дзясяты — хрызапраз, адзінаццаты — якінт, дванаццаты — амэтыст.
 
пяты — сардоніксам, шосты — сардзінам, сёмы — хрызалітам, восьмы — берылам, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам.

А дванаццаць брамаў — дванаццаць перлаў: кожная брама была з адной пярліны. Вуліцы горада — чыстае золата, як празрыстае шкло.
 
І дванаццаць брам — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была з адной пэрлы. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

А храма я ня бачыў у ім, бо Гасподзь Бог Усеўладны — храм Ягоны, і Ягняці.
 
І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй і Ягня.

І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны — Ягня.
 
І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо яснасць Божая асвятляе яго, і Ягня ёсць свяцільняй яго.

Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой.
 
І будуць хадзіць народы ў святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.

Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
 
І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы не будзе там.

І прынясуць у яго славу і гонар народаў;
 
І ўнясуць у яго славу і багацце народаў.

і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця.
 
І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.